Якая драма ў Іране! Святкавалі выхад у плэй-оф, але гол адмянілі
Іран і Егіпет згулялі ўнічыю 1:1. Егіпцяне наўпрост выйшлі ў 1/16 фіналу, а іранцам давядзецца спадзявацца, што атрымаецца прабіцца туды нават з трыма баламі і з трэцяга месца ў групе, піша sports.ru.
Фота: Vahid Salemi / AP
А як было блізка, каб Іран перамог Егіпет!
На 90+ 2‑й хвіліне Мехдзі Тарэмі пры ліку 1:1 зарабіў штрафны. Пасля падачы галкіпер адбіў мяч перад сабой, і Шаджа Халілзадэ адразу ж дабіў яго ў сетку.
Халілзадэ, які, дарэчы, гуляе за іранскі клуб з Тэбрыза пад назвай «Трактар», адразу пабег да вуглавога сцяжка, праехаўся на каленях і зняў футболку.
За такое аўтаматычна даецца жоўтая картка, але якая справа да жоўтай карткі, калі такая радасць? На Шаджу накінуліся ўсе — і гульцы на полі, і каманда з лаўкі запасных. Усе падымалі рукі ўверх.
Заўзятары таксама ў экстазе. Гол ашчаслівіў увесь Іран.
Халілзадэ абняў літаральна кожнага гульца. Трэнеры цалавалі яго ў галаву.
Святкаванне доўжылася больш за хвіліну. Праўда, паралельна егіпцяне падыходзілі да суддзі Шымана Марчыняка і на нешта яму ўказвалі.
А неўзабаве ўмяшаўся ВАР — і на 90+ 6‑й хвіліне гол адмянілі з-за невялікага афсайду.
Цяпер ужо парадаваўся Егіпет, а на тварах гульцоў і заўзятараў Ірана — расчараванне.
На 90+ 7‑й хвіліне іранцы маглі зноў перакуліць эмоцыі на сваю карысць — Саід Эзаталахі замыкаў з блізкай адлегласці і трапіў у перакладзіну.
Але ўсё ж такі нічыя — «пераможная» для Егіпта, які ўпершыню ў гісторыі выйшаў на ЧС з групы.
Трэнер Ірана Амір Галейнай пасля фінальнага свістка сеў у крэсла і спустошана глядзеў на поле.
Застаецца маленькі шанец, што Іран праб'ецца ў плэй-оф з трэцяга месца, але ён зусім малы.
Soccerstand.com
Чытайце таксама:
Хет-трык Дэмбеле дапамог Францыі разграміць Нарвегію