Дом сям'і Уладзіміра Караткевіча стаіць занядбаны ВІДЭА
Сам Караткевіч прызнаваўся, што нідзе яму так добра не пісалася, як тут.
Скрыншоты відэа з сацсетак
Драўляны дом у Рагачове, дзе бываў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч, стаіць закінутым.
Беларуска Юлія, якая нядаўна там пабывала, была ўражаная тым, як занядбаны дом.
«Ну як так?! Мы павінны захоўваць такія далікатныя нітачкі, а насамрэч дом, у якім жыў і тварыў пісьменнік, апынуўся ў такім запусценні!» — абурылася яна ў інстаграме.
«Сам дом быў пабудаваны яшчэ дзядулем Уладзіміра Караткевіча, у 1914 годзе!
У ім для Уладзіміра быў адведзены асобны пакой, дзе ён часта сядзеў да ночы і працаваў. У інтэр’еры захавалася яго любімая кушэтка, і нават шпалеры былі з тых часоў. Сам Караткевіч прызнаваўся: нідзе яму так добра не пісалася, як тут, у Рагачове, за «двума знакамітымі вокнамі ў сад».
Скрыншот відэа з сацсетак
Менавіта ў Рагачове былі створаны або задуманы яго ключавыя творы. Тут ён пачаў пісаць свой знакаміты раман «Каласы пад сярпом тваім».
Сёння, гледзячы на гэты дом, які паступова руйнуецца, цяжка паверыць, што ён быў цэнтрам творчага сусвету вялікага беларускага пісьменніка. Мясцовыя жыхары ўжо шмат гадоў спрабуюць захаваць гэтую спадчыну і мараць адкрыць тут дом-музей Караткевіча».
Раней абмяркоўвалася ідэя стварыць дом-музей на гэтым месцы.