Як звычайная крэйда можа дапамагчы знізіць спёку ў доме
Сёлетняе лета зноў выпрабоўвае беларусаў на трываласць да анамальна высокіх тэмператур. У апошнія выходныя слупок тэрмометра ўпэўнена перасёк адзнаку 35 градусаў і гарадскія кватэры хутка нагрэліся да стану, калі ў іх цяжка працаваць, спаць і проста знаходзіцца. На фоне пошуку эфектыўных і даступных спосабаў самавыратавання ВВС звяртае ўвагу на незвычайнае рашэнне, якое набыло папулярнасць у Францыі, — выкарыстанне тонкамолатай крэйды.
Скрын відэа: lhommedemenage / TikTok
Пакуль у многіх краінах спрабуюць ратавацца ад спёкі кандыцыянерамі, французы ўспомнілі стары сродак — Blanc de Meudon — здробленая ў парашок натуральная крэйда. Звычайна гэты матэрыял ужываюць як пігмент для фарбаў або сродак для чысткі. Яшчэ адно яго традыцыйнае прымяненне — нанясенне на шкляныя вітрыны падчас рамонту, каб зрабіць іх непразрыстымі. Садоўнікі таксама наносяць яго на шкло цяпліц, каб абараніць расліны ад занадта яркага сонца.
Але падчас экстрэмальнай спёкі Blanc de Meudon нечакана стаў папулярным як просты спосаб абараніць жыллё ад сонца. Як паведамляюць французскія СМІ, попыт на яго выклікаў дэфіцыт тавару па ўсёй краіне, калі слупок тэрмометра перасягнуў адзнаку +40°C.
Рэцэпт просты: крэйду змешваюць з вадой і наносяць атрыманую сумесь на аконнае шкло. Пасля высыхання ўтвараецца белае матавае пакрыццё. Яно прапускае ў пакой дастаткова мяккага дзённага святла, каб не жыць у поўнай цемры, але пры гэтым стварае эфектыўны бар’ер для інфрачырвонага выпраменьвання, якое і з’яўляецца галоўнай крыніцай награвання.
Навуковыя даследаванні сведчаць, што ў гэтага простага спосабу сапраўды ёсць навуковае абгрунтаванне. Белыя паверхні адбіваюць сонечныя прамяні значна лепш за цёмныя, якія паглынаюць цяпло. Паводле даследаванняў, нават звычайная белая фарба здольная прыкметна зменшыць нагрэў сцен і дахаў, а тэмпература з іх унутранага боку можа быць як мінімум на 1,7°C ніжэйшая. Менавіта таму ў многіх паўднёвых краінах Еўропы дамы традыцыйна фарбуюць у белы колер.
Яшчэ лепшыя вынікі паказваюць сучасныя «ўльтрабелыя» фарбы, распрацаваныя спецыяльна для астуджэння. Яны не толькі адбіваюць сонечнае святло, але і больш эфектыўна выпраменьваюць назапашанае цяпло дзякуючы працэсу, вядомаму як радыяцыйнае астуджэнне. Паводле аднаго з даследаванняў, такая фарба здольная адбіваць да 98,1% сонечнага выпраменьвання.
У выпадку з крэйдай важную ролю адыгрывае карбанат кальцыю — яе асноўны кампанент. Ён добра адбівае ультрафіялетавае і інфрачырвонае выпраменьванне, якое прыносіць значную частку цяпла. Менавіта таму часціцы карбанату кальцыю выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых астуджальных пакрыццяў.
У адрозненне ад кандыцыянера такі спосаб не патрабуе электрычнасці.
Аднак чакаць ад гэтага спосабу цудаў не варта. Нанесеная на шкло крэйда толькі памяншае колькасць сонечнага цяпла, што трапляе ў пакой праз шкло. Той жа прынцып — адбіваць, а не паглынаць сонечныя прамяні — выкарыстоўваюць і ў больш маштабных гарадскіх рашэннях. Напрыклад, усё большую ўвагу прыцягвае фарбаванне дахаў у белы колер. У Францыі гэты падыход атрымаў назву le cool roofing.
Паводле даследаванняў, масавае выкарыстанне такіх дахаў у буйных гарадах можа прыкметна знізіць тэмпературу паветра падчас хваляў спёкі. Даследаванні паказваюць: калі б у Лондане масава выкарыстоўвалі белыя дахі, сярэдняя тэмпература падчас спёкі магла б быць прыкладна на 0,8°C ніжэйшай, а колькасць смерцяў ад перагрэву — істотна меншай. Сам прынцып не новы: у краінах Міжземнамор'я белыя дамы ўжо стагоддзямі дапамагаюць лепш пераносіць летнюю спёку.
Тым, каму не пашанцавала знайсці крэйду, брытанскія навукоўцы прапануюць больш незвычайны спосаб. Даследчыкі высветлілі, што пасля высыхання тонкі пласт звычайнага ёгурту на шкле таксама дапамагае адбіваць сонечнае выпраменьванне. Паводле вынікаў эксперыментаў, у гарачае сонечнае надвор'е гэта дазваляла знізіць тэмпературу ў памяшканні ў сярэднім на 3,5°C.