У Польшчы затрымалі двух беларусаў і дзевяцярых украінцаў, якіх падазраюць у арганізацыі мітынгаў за расійскія грошы
Яны будуць неадкладна высланыя з краіны.
У Польшчы затрымалі двух беларусаў і дзевяцярых украінцаў, якіх падазраюць у арганізацыі мітынгаў за расійскія грошы, паведамляе DW Беларусь са спасылкай на Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) Польшчы.
Затрыманыя грамадзяне Беларусі і Украіны будуць неадкладна высланыя з краіны. Іх імёны не раскрываюцца.
Паводле звестак спецслужбы, затрыманыя «мелі сувязі ў Расіі і Беларусі» і з восені 2025 года вербавалі і аплачвалі ўдзел у дэманстрацыях украінскіх бежанцаў у Польшчы.
Як сцвярджае ABW, грошы на гэта паступалі з Расіі. На думку спецслужбы, мэтай было паўплываць на бежанцаў для «прасоўвання палітычных лозунгаў».
«Каб ініцыяваць пратэсты, выкарыстоўваліся тэмы, якія выклікаюць моцныя эмоцыі, у тым ліку інфармацыя пра карупцыйныя скандалы і актуальныя падзеі ва ўнутранай палітыцы Украіны», — удакладняюць у спецслужбе.
Затрыманні адбыліся ў Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Закапанэ і Быдгашчы.
«Гэта прыклад дзеянняў, якія не дасягаюць парога класічнай агрэсіі, але накіраваныя на падрыў грамадскага даверу, распальванне напружанасці і выкарыстанне людзей, што ратуюцца ад вайны, як інструмента расійскіх аперацый уплыву», — гаворыцца ў паведамленні.