БЕЛ Ł РУС

У Расіі вынесены першы прысуд за «рух ЛГБТ»: супрацоўнікі клуба атрымалі ад 2 да 7 гадоў калоніі

29.06.2026 / 15:21

Nashaniva.com

У Расіі разгледзелі першую крымінальную справу пасля таго, як у лістападзе 2023 года Вярхоўны суд РФ прызнаў «рух ЛГБТ» экстрэмісцкім.

Цэнтральны раённы суд Арэнбурга вынес першыя ў Расіі рэальныя прысуды па крымінальнай справе аб датычнасці да «міжнароднага грамадскага руху ЛГБТ», які расійскія ўлады прызналі экстрэмісцкім. Трое супрацоўнікаў мясцовага бара Pose пакараны зняволеннем па артыкуле аб арганізацыі і ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі.

Уладальнік клуба 37‑гадовы Вячаслаў Хасанаў атрымаў 7 гадоў калоніі. Адміністратарка клуба, 30‑гадовая Дыяна Камільянава, — 6 гадоў і 3 месяцы калоніі. 23‑гадовы арт-дырэктар Аляксандр Клімаў — 2 гады і 3 месяцы калоніі.

Усім траім асуджаным забаранілі працаваць у сферы забаў і грамадскага харчавання на тэрмін ад 2 да 3 гадоў.

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.

Па версіі следства, фігуранты ведалі пра забарону, але працягвалі праводзіць у завядзенні «публічныя мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін».

Клуб Pose працаваў з 2021 года. Пасля ўвядзення расійскіх законаў супраць ЛГБТ установа змяніла пазіцыянаванне і называла сябе «барам-тэатрам пародый».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула