Як выжыць у анамальную спёку. Нечаканыя, але дзейсныя парады навукоўцаў
Сучасныя гарадскія кватэры слаба разлічаныя на працяглыя перыяды спёкі. Каб не ператварыць уласнае жыллё ў сапраўдную печ, трэба ўспомніць фізіку і адмовіцца ад звыклых, але памылковых інтуітыўных дзеянняў. Вось што раяць фізікі, інжынеры і кліматолагі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Lookby.media
Як правільна адчыняць вокны
Тое, што ў +40°C вокны ўдзень павінны быць шчыльна зачыненыя, здаецца, ведаюць усе. Аднак, як паказвае практыка, нават выконваючы гэтае базавае правіла, людзі працягваюць ператвараць свае кватэры ў печы. Навукоўцы звяртаюць увагу на некалькі невідавочных фізічных памылак, якія мы робім штодня.
Прафесар Амін Аль-Хабайбех, эксперт па цеплаабмене ў будынках з Універсітэта Нотынгем Трэнт, папярэджвае пра небяспеку зашклёных лоджый і балконаў. Многія людзі зачыняюць вокны ў кватэры, але трымаюць адчыненымі дзверы на балкон дзеля ілюзіі дадатковай прасторы або «паветра».
Насамрэч зашклёная лоджыя працуе як класічны парнік: шкло прапускае сонечныя промні, але блакуе выхад разагрэтага паветра вонкі, акумулюючы цеплавую энергію. Навуковец катэгарычны: у спёку балкон павінен быць ізаляваны ад жылога пакоя зачыненымі дзвярыма.
Таксама важна разумець фізіку штор. Доктар Бэн Робертс са спецыялізаванай лабараторыі Універсітэта Лафбара адзначае, што шчыльныя цёмныя шторы не ратуюць ад спёкі. Блакуючы святло, яны паглынаюць сонечную радыяцыю і пачынаюць працаваць унутры пакоя як дадатковы радыятар ацяплення. Эфектыўна адбіваюць спёку толькі белыя або святлоадбівальныя тканіны, а яшчэ лепш — вонкавыя ралеты.
Каб хутка выцесніць назапашанае за дзень цяпло, недастаткова проста адчыніць акно перад сном. Паветра павінна цыркуляваць. Эксперты раяць ствараць не проста гарызантальны скразняк, а так званы «эфект коміна».
Паколькі гарачае паветра заўсёды падымаецца ўгару, у прыватным доме ці шматпавярховай кватэры найбольш эфектыўна адчыняць акно на ніжнім паверсе (ці з самага прахалоднага, ценявога боку), напрыклад, вашага пад’езда, і адначасова акно ўзроўнем вышэй або люк на гарышча. Гэта літаральна выштурхне гарачае паветра вонкі.
Але тут, як падкрэслівае доктар Робертс, ёсць праблема: хоць усе ведаюць, што дом трэба ахалоджваць уначы, але ў гарадах гэтага ніхто не робіць праз шум аўтамабіляў, насякомых або элементарны страх за ўласную бяспеку (асабліва на першых паверхах). У выніку кватэра не ахаладжаецца за ноч, і на наступны дзень тэмпература ўнутры становіцца яшчэ больш невыноснай.
Даследчык упэўнены, што, каб выжыць у новай кліматычнай эры, нам прыйдзецца ўрэшце абсталяваць свае вокны кратамі, фільтрамі і маскітнымі сеткамі, бо без паўнавартаснага начнога скіду цяпла знаходжанне ў бетонных сценах стане фізічна небяспечным.
Як правільна карыстацца кандыцыянерам, каб зберагчы грошы і прыроду
Яшчэ адна масавая памылка звязана з эксплуатацыяй кліматычнай тэхнікі. Як адзначаюць эксперты CSIRO ў артыкуле The Conversation,
многія ўладальнікі кандыцыянераў спрабуюць эканоміць, уключаючы прыбор на кароткі час пры экстрэмальна нізкай тэмпературы, напрыклад, на +17°C, а потым выключаюць яго. Насамрэч, гэта найгоршы сцэнарый як для тэхнікі, так і для рахункаў за электрычнасць.
Ахалоджванне разагрэтага пакоя да такіх нізкіх паказчыкаў патрабуе каласальных выдаткаў энергіі.
Сучасныя кандыцыянеры створаныя для пастаяннай працы. Самы энергаэфектыўны падыход — выставіць максімальна высокую, але ўсё яшчэ камфортную тэмпературу (звычайна гэта +26°C удзень і +22°C уначы) і дазволіць сістэме спакойна падтрымліваць гэты ўзровень.
Аналітыкі Міжнароднага энергетычнага агенцтва (IEA) у сваім дакладзе падлічылі, што зніжэнне зададзенай тэмпературы ўсяго на адзін градус павялічвае энергаспажыванне на 5—10 %. Больш за тое, даследаванні IEA ў Сінгапуры паказалі, што людзі адчуваюць сябе аднолькава камфортна пры +24°C і пры +26°C, калі ў апошнім выпадку дадаткова працуе звычайны столевы або падлогавы вентылятар. Такая камбінацыя спажывае на 30 % менш электрычнасці.
Акрамя таго, эксперты экалагічнага агенцтва EIA нагадваюць пра глабальную цану такога камфорту.
Кандыцыянеры працуюць на холадагентах (фторзмяшчальных газах), уцечка якіх паскарае глабальнае пацяпленне ў тысячы разоў мацней за вуглякіслы газ.
Таму пры выбары тэхнікі спецыялісты раяць шукаць мадэлі на прыродным холадагенце, які маркіруецца як R290.
Як правільна карыстацца вентылятарам
Няправільнае прымяненне вентылятара можа наблізіць цеплавы ўдар у спёку. Фота: Wikimedia Coomons
Самы даступны прыбор для барацьбы са спёкай — звычайны вентылятар — аказаўся ў цэнтры жорсткіх навуковых дыскусій.
Вентылятар не ахалоджвае паветра, ён толькі рухае яго, паскараючы выпарэнне поту з чалавечай скуры.
У аўтарытэтным навуковым часопісе Science быў апублікаваны вялікі матэрыял, прысвечаны гэтай праблеме. Сусветная арганізацыя аховы здароўя і амерыканскі Цэнтр па кантролі захворванняў (CDC) доўгі час разыходзіліся ў ацэнках бяспекі.
Раней лічылася, што мяжа карыснасці вентылятара — гэта +35°C (прыблізная тэмпература чалавечай скуры), і пры больш высокіх паказчыках ён пачынае працаваць як канвекцыйная печ, абдзімаючы цела распаленым газам.
Аднак усё вызначае вільготнасць. Цяпер у Беларусі фіксуецца не проста 40‑градусная спёка, а спёка з высокай вільготнасцю. Гэта экстрэмальныя «лазневыя» ўмовы.
Фізіёлаг Олі Джэй з Сіднейскага ўніверсітэта даказвае, што менавіта пры такой высокай вільготнасці вентылятары ратуюць сэрца ад перагрузак нават пры +38°C. У вільготным паветры пот не здольны выпарацца самастойна, і вентылятар фізічна дапамагае арганізму астудзіцца.
А вось калі б над намі стаяла сухая спёка (15—20% вільготнасці), то вентылятар прыносіў бы шкоду ўжо і пры +35°C, імгненна высушваючы скуру і даводзячы тым чалавека да цеплавога ўдару.
Каб зрабіць вентылятар яшчэ больш эфектыўным, брытанскае выданне The Times раіць выкарыстоўваць стары фізічны фокус: паставіць перад прыборам міску з лёдам. Паветра будзе ахалоджвацца, праходзячы над ім.
Што тычыцца папулярнага ў інтэрнэце «японскага метаду» ахалоджвання салона аўтамабіля (калі адно акно адчыняюць, а дзвярыма з іншага боку актыўна махаюць), навукоўцы пацвярджаюць яго эфектыўнасць толькі для хуткай замены гарачага паветра. Пластыкавую панэль і сядзенні, якія валодаюць высокай цеплавой масай, такім чынам не астудзіць — тут дапаможа толькі сонцаахоўны экран.
Біялогія і псіхалогія
Даследаванне, апублікаванае ў навуковым часопісе Building and Environment, пацвярджае каласальную ролю раслін у ахалоджванні жылля — але гаворка не пра вазоны на падаконніку. Індыйскія навукоўцы паказваюць эфектыўнасць паўнавартасных «зялёных сцен». Калі пусціць па вертыкальнай рашотцы звонку будынка або на балконе хуткарослую ліяну, яна стварае шчыльны жывы шчыт.
Гэты раслінны дыван фізічна блакуе сонечныя промні і адначасова ахалоджвае паветра за кошт эвапатранспірацыі (выпарэння вільгаці лісцем).
Эксперыменты паказалі, што такая жывая сцяна здольная знізіць тэмпературу ўнутранай паверхні бетону на 3,2°C, а паветра ў пакоі — амаль на 3°C. Лепш за ўсё гэты метад працуе на заходніх і ўсходніх сценах будынкаў, якія найбольш пакутуюць ад нізкага пякучага сонца.
Жывыя ліяны на фасадзе жылых будынкаў здольныя знізіць тэмпературу паветра ў пакоі — амаль на 3°C. Фота: Анлайнера
Цікавы падыход прапануюць швейцарскія даследчыкі з Універсітэта прыкладных навук і мастацтваў Люцэрна. Яны высветлілі, што адчуванне цеплыні можна падмануць праз іншыя органы пачуццяў. Прадстаўленая імі мадэль паказвае, што
пахі ментолу, лімона і размарына актывуюць халадовыя рэцэптары скуры, ствараючы ілюзію прахалоды без рэальнага зніжэння тэмпературы. Такі ж псіхалагічны эфект дае гук вады, якая цячэ, і выкарыстанне ў інтэр'еры сініх і бірузовых колераў. А замена звычайнай посцілкі на гладкі баваўняны сацін фізічна паляпшае цеплаадвод ад цела падчас сну.
Калі ж і гэта не дапамагае, брытанскія медыкі раяць звярнуцца да кропкавага ахалоджвання. Замест таго, каб прымаць ледзяны душ, які выклікае шок і прымушае арганізм перакрываць кроў ад скуры, захоўваючы цяпло ўнутры, значна больш эфектыўна ахалоджваць так званыя пункты пульсу — запясці, шыю і ступні, дзе крывяносныя сасуды падыходзяць блізка да паверхні.
Інтэрнэт-хіт з апрананнем на ноч вільготных шкарпэтак таксама мае навуковы сэнс, бо ступні з'яўляюцца выдатнымі цеплаабменнікамі. Галоўнае не выкарыстоўваць шкарпэткі, з якіх ужо літаральна цячэ вада, каб не зарабіць грыбок. Значна больш бяспечны варыянт — пакласці сухія шкарпэткі і навалачку на пару гадзін у халадзільнік перад сном.