БЕЛ Ł РУС

Рыбакоў у ААН назваў украінскім беспілотнік, які ўдарыў па аўтобусе ў Бранскай вобласці

30.06.2026 / 07:42

Nashaniva.com

Паводле яго слоў, гэта быў БПЛА «Дартс».

Беспілотнік тыпу Darts, ілюстрацыйнае фота

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў учора на пасяджэнні Рады бяспекі ААН, прысвечаным атацы на беларускі аўтобус у Бранскай вобласці Расіі, назваў тып выкарыстанага беспілотніка. Паводле яго слоў, гэта быў БПЛА ўкраінскай вытворчасці, піша Reform.news.

«Сёння ў нас ёсць доказы, каб адказна заявіць: атака на беларускі аўтобус была здзейсненая ўдарным БПЛА ўкраінскай вытворчасці. Гэты БПЛА належыць да тыпу Darts і абсталяваны паражальнымі элементамі. Ён мае баявую частку з масай выбуховага рэчыва каля 1200 г у трацілавым эквіваленце», — сказаў ён.

Рыбакоў адзначыў, што на месцы здарэння былі канфіскаваныя прадметы з маркіроўкай на ўкраінскай мове.

«Падчас агляду месца здарэння былі канфіскаваныя прадметы з маркіроўкамі на ўкраінскай мове. Сярод іх — блок кіравання дэтанатарам, выраблены на заводзе ў Шостцы Сумскай вобласці. Сам дэтанатар, а таксама акумулятарная батарэя з'яўляюцца кампанентамі, вырабленымі ва Украіне», — сказаў ён.

Разам з тым пастаянны прадстаўнік Беларусі не паведаміў, хто менавіта атакаваў аўтобус.

Ён асудзіў удар, назваўшы яго правакацыяй, накіраванай на эскалацыю канфлікту і ўцягванне Беларусі ва ўзброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Рыбакоў падкрэсліў, што адсутнасць хуткай і жорсткай рэакцыі з боку Мінска не варта расцэньваць як праяву слабасці, нерашучасці або баязлівасці.

Інцыдэнт з беларускім аўтобусам здарыўся 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці.

Тады быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Расійскія ўлады сцвярджалі, што ўдар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.

У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Іх усіх адразу перавезлі ў Беларусь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула