Колькі будзе каштаваць навучанне у беларускіх ВНУ ў новым навучальным годзе
Многія беларускія ВНУ ўжо зацвердзілі кошт навучання на платных аддзяленнях у 2026/2027 навучальным годзе.
На працягу двух папярэдніх гадоў плата за навучанне не павышалася. Цяпер, паводле даных Myfin, у некаторых установах вышэйшай адукацыі яна прыкметна вырасла ў параўнанні з узроўнем трохгадовай даўнасці.
Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) за навучанне на дзённай форме ў наступным навучальным годзе, у залежнасці ад факультэта, студэнтам-платнікам давядзецца заплаціць ад 4600 да 5250 рублёў. Напрыклад, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання кошт навучання складзе 5250 рублёў, што прыкладна на 20 % больш, чым у 2023 годзе.
У Акадэміі кіравання на дзённай форме кошт навучання па асноўных спецыяльнасцях («дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі») устаноўлены на ўзроўні 5900 рублёў. Гэта больш чым на траціну перавышае расцэнкі трохгадовай даўнасці.
У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце па самых запатрабаваных спецыяльнасцях — «лячэбная справа» і «педыятрыя» — год навучання будзе каштаваць 5 тысяч рублёў, а для будучых стаматолагаў — 5,9 тысячы рублёў. У параўнанні з 2023 годам кошт павялічыўся прыкладна на 13 %.
Нагадаем, што з гэтага года ў медыцынскіх ВНУ Беларусі скасаваны набор на платнае навучанне на дзённую форму. Ён застаўся толькі для завочнай формы па спецыяльнасці «фармацыя». Таму гаворка ідзе пра студэнтаў, якія паступілі ва ўніверсітэты раней.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт для большасці спецыяльнасцей устанавіў кошт платнага навучання на ўзроўні 5036 рублёў. Толькі на факультэце інфармацыйных тэхналогій ён будзе вышэйшы — 5164 рублі.
У Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце год навучання для студэнтаў-платнікаў дзённай формы будзе каштаваць 4515 рублёў. Для параўнання: у 2023 годзе ён складаў 3948 рублёў.
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па ўсіх спецыяльнасцях навучанне абыдзецца ў 3896,4 рубля.