БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка прыехаў на выпускны да Колі ў Пекін

30.06.2026 / 12:03

Nashaniva.com

Коля Лукашэнка скончыў сумесную праграму БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па біятэхналогіях. 

У сталіцы Кітая адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай беларуска-кітайскай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «біятэхналогія».

Сярод выпускнікоў быў і Мікалай Лукашэнка, які, выглядае, стаў уладальнікам адразу двух дыпломаў — беларускага і кітайскага ВНУ.

Калі меркаваць па фота, то толькі 5 чалавек сталі вучнямі менавіта гэтай праграмы. 

Рэктар БДУ Андрэй Кароль таксама прыехаў у Кітай

Выпускны Мікалая стаў адной з прычын цяперашняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

Перад урачыстай часткай ён сустрэўся з кіраўніцтвам Пекінскага ўніверсітэта, а таксама выступіў з прамовай перад выпускнікамі.

 «Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны былі практыка-арыентаванымі. У адваротным выпадку навошта гэта навучанне, калі гэта не будзе ў поўнай меры звернута на практыку і не будзе прыносіць карысць двум народам?» — сказаў Лукашэнка.

Пагадненне аб стварэнні сумеснай праграмы бакалаўрыята па біятэхналогіях паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам было падпісана ў 2022 годзе, а ў ліпені 2025 года бакі пашырылі супрацоўніцтва, заключыўшы аналагічнае пагадненне ўжо ў межах магістратуры, нагадвае REFORM.news. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула