БЕЛ Ł РУС

Каля Стоўбцаў міліцыя зрабіла налёт на закрыты музычны рэйв

30.06.2026 / 22:02

Nashaniva.com

29 чэрвеня тэлеканал «Белсат» паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што ў ноч з 21 на 22 чэрвеня недалёка ад Стоўбцаў адбываўся закрыты музычны рэйв, на які сабраліся музыканты, мастакі, дызайнеры і іншыя прадстаўнікі творчых прафесій. Але сустрэчу перапыніў візіт сілавікоў.

Скрыншот з відэа

Паведамлялася, што сустрэча мела выключна забаўляльны і культурны характар і не была звязаная з палітыкай. Аднак падчас мерапрыемства на месца прыехалі супрацоўнікі сілавых структур разам са службовымі сабакамі. Паводле сведчанняў крыніц, яны пачалі затрымліваць людзей, якія знаходзіліся на тэрыторыі фестывалю, і патрабавалі спыніць музыку і выступленні.

Сярод затрыманых былі музыкі, выканаўцы аўтарскіх песень, а таксама некалькі непаўналетніх. Усіх іх даставілі на допыт, пасля чаго на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле інфармацыі крыніц «Белсата», суды прызначылі некалькім затрыманым адміністрацыйны арышт тэрмінам ад 10 да 15 сутак.

Цяпер сілавыя структуры апублікавалі відэа з двума затрыманымі мужчынамі, якіх назвалі арганізатарамі мерапрыемства. Іх прымусілі пакаяцца ў тым, што, маўляў, арганізавалі сустрэчу без ўзгаднення з мясцовымі ўладамі.

Як сцвярджаюць сілавікі, у ноч з 21 на 22 чэрвеня ў міліцыю паступілі паведамленні пра гучную музыку і вялікую колькасць людзей у Налібацкім заказніку на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. На месцы супрацоўнікі міліцыі пабачылі намётавы лагер, сцэну і каля 200 удзельнікаў рэйву.

У МУС сцвярджаюць, што спынілі правядзенне так званага «амфетамінавага рэйву», устанавілі арганізатараў і ўсіх удзельнікаў. Па іх версіі, некаторыя людзі нібыта знаходзіліся ў стане наркатычнага ап'янення, а ў намётах знайшлі сінтэтычныя наркотыкі. Ніякіх доказаў гэтаму, акрамя ўласных слоў, аднак, яны не падалі.

Чытайце таксама:

«Мая пазіцыя адносна сілавікоў пасля перамогі простая». Экс-палітвязень пра шклоўскую калонію, падполле і «карэліцкую справу»

Пад Уздой міліцыя разагнала выставу дрыфт-аўтамабіляў

Беларуса, які доўгі час жыў у Расіі і гандляваў запчасткамі, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Каментары да артыкула