БЕЛ Ł РУС

Сцэнар, пры якім Расія атрымае адчуванне перамогі ва Украіне, беларускія эксперты лічаць самым небяспечным для Беларусі

1.07.2026 / 18:46

Nashaniva.com

Арцём Шрайбман з Sense Analytics, Леў Львоўскі з BEROC, а таксама эксперты iSANS паспрабавалі прадказаць будучыню Беларусі ў залежнасці ад розных варыянтаў сканчэння вайны Расіі і Украіны. Праўда, яны зусім не разглядалі варыянта ўнутранага выбуху ў Расіі. Як і варыянта прымянення Расіяй ядзернай зброі. 

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, 26 лютага 2026 года. Фота: Maxim Shipenkov Pool Photo via AP

Калі вайна ва Украіне нарэшце скончыцца, гэта яшчэ не будзе азначаць, што Беларусь аўтаматычна атрымае шанец вярнуцца да нармальных адносін з Еўропай. Наадварот, менавіта пасля спынення баявых дзеянняў для Мінска можа пачацца новы, не менш складаны этап.

Дыскусія пра пасляваенную архітэктуру бяспекі ў Еўропе ўжо выйшла за межы выключна ўкраінскага пытання. На Захадзе ўсё часцей абмяркоўваюць не толькі тое, як можа скончыцца вайна, але і што будзе пасля яе, у тым ліку з Беларуссю, якая за апошнія гады ператварылася ў ключавога ваеннага саюзніка Расіі на заходнім кірунку. 

Менавіта гэтым пытанням прысвечана даследаванне «Беларусь пасля магчымага мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне: сцэнары, рызыкі і магчымасці для Еўрапейскага саюза», падрыхтаванае экспертамі беларускіх аналітычных цэнтраў Sense Analytics Арцёмам Шрайбманам, Львом Львоўскім з BEROC, а таксама экспертамі iSANS. Яго аўтары не спрабуюць прадказаць будучыню. Замест гэтага яны прапануюць тры найбольш імаверныя сцэнары развіцця падзей пасля магчымай мірнай дамовы паміж Украінай і Расіяй і аналізуюць, што кожны з іх будзе азначаць для Беларусі, Еўрапейскага саюза і ўсёй сістэмы бяспекі ва Усходняй Еўропе.

Разам з тым, гэтыя сцэнары пабудаваныя на шэрагу дапушчэнняў, якія могуць не спраўдзіцца. У прыватнасці, даследчыкі зыходзяць з таго, што Лукашэнка захавае ўладу і стабільную сістэму ўнутры Беларусі. Хаця апошнія гады паказалі, што падзеі ў рэгіёне могуць развівацца значна хутчэй, чым прагназуюць нават самыя асцярожныя аналітыкі.

Галоўная выснова даследавання даволі простая: заканчэнне вайны не азначае заканчэння беларускага крызісу, а лёс Беларусі будзе залежаць ад таго, на якіх умовах скончацца баявыя дзеянні. Пры гэтым нават пасля міру краіна можа не стаць самастойным гульцом: яна можа застацца моцна залежнай ад Расіі ў пытаннях бяспекі, эканомікі і палітыкі.

Пасля міру Еўропа сутыкнецца з новымі выклікамі. Як стрымліваць расійскую вайсковую прысутнасць у Беларусі? Ці можна весці дыялог з Мінскам, не легітымізуючы рэжым Лукашэнкі? Як не дапусціць канчатковага адрыву беларускага грамадства ад Еўропы? І што рабіць, калі падыходы ЗША і ЕС да Беларусі пачнуць разыходзіцца?

Тры магчымыя сцэнары

Эксперты разглядаюць тры базавыя варыянты развіцця падзей.

Першы — захаванне статус-кво. Вайна працягваецца да канца 2026 года, фронт амаль не змяняецца, а ніводзін з бакоў не здольны навязаць праціўніку свае ўмовы. Захад працягвае падтрымліваць Украіну, але ўсё большую ролю пачынаюць адыгрываць унутрыпалітычныя праблемы ЗША і Еўропы. Санкцыі супраць Расіі і Беларусі захоўваюцца, а галоўная ўвага надаецца кантролю за іх выкананнем.

Другі сцэнар — «збалансаваная дамова». Ён лічыцца найбольш спрыяльным з рэалістычных варыянтаў для Украіны і яе саюзнікаў. Масква прыходзіць да высновы, што працяг вайны становіцца даражэйшым за кампраміс. Гэтаму могуць спрыяць запаволенне расійскага наступлення, эканамічныя цяжкасці, працяг заходняй падтрымкі Кіева і эфектыўныя ўдары па расійскай вайсковай і энергетычнай інфраструктуры.

У гэтай мадэлі пры канцы 2026 года заключаецца перамір'е. Расія згаджаецца замарозіць лінію фронту, Украіна ідзе на абмежаваныя палітычныя саступкі, напрыклад, адмаўляецца ад уступлення ў НАТА, але атрымлівае надзейныя гарантыі бяспекі і доступ да міжнароднага фонду аднаўлення. Пры гэтым Захад не спяшаецца са скасаваннем санкцый супраць Масквы.

Трэці сцэнар — «дамова на карысць Расіі». Ён прадугледжвае значна менш выгадныя для Кіева ўмовы. Украіна губляе магчымасць працягваць вайну праз недахоп вайсковай дапамогі, а ЗША фактычна схіляюць яе да прыняцця расійскіх патрабаванняў. У выніку Кіеў адракаецца часткі акупаваных тэрыторый, абавязваецца не ўступаць у НАТА і істотна скарачае свае ўзброеныя сілы. У такім выпадку Еўропа таксама паступова змякчае ціск на Маскву, а частка санкцый можа быць адмененая.

За некалькі месяцаў ацэнкі ўжо змяніліся

Падчас прэзентацыі даследавання аўтары прызналі, што за той час, які прайшоў ад яго падрыхтоўкі, сітуацыя на фронце ўжо паспела змяніцца. Калі некалькі месяцаў таму сцэнар «дрэннай дамовы» для Украіны здаваўся ім больш імаверным, то цяпер ацэнкі сталі больш аптымістычнымі. 

Сёння найбольш імаверным па-ранейшаму застаецца захаванне статус-кво. Аднак сцэнар «збалансаванай дамовы» ўжо выглядае больш імаверным, чым сцэнар, пры якім Украіна будзе вымушана пайсці на нявыгадныя для сябе ўмовы.

Разам з тым эксперты прызнаюць, што апошнія месяцы прынеслі і новую пагрозу, якой у даследаванні амаль няма. Яны не выключаюць сцэнар гарызантальнай эскалацыі — калі вайна распаўсюдзіцца і на тэрыторыю Беларусі.

Паводле іх ацэнак, такі рызыкоўны варыянт стаў больш імаверным пасля таго, як Расія апынулася перад неабходнасцю вырашаць пытанне новай хвалі мабілізацыі. Калі Крэмль пойдзе на гэты крок, частка новых падраздзяленняў можа быць перакінутая ў Беларусь — для падрыхтоўкі, манеўраў або нават выкарыстання беларускай тэрыторыі для новых удараў па Украіне. Менавіта таму гэты сцэнар аўтары называюць «дрэнным статус-кво».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас наведвання ў ЗША Скрантанскага вайсковага боепрыпаснага завода, дзе вырабляюць складовыя часткі артылерыйскіх і мінамётных снарадаў, 22 верасня 2024 года. Фота: president.gov.ua

Эканоміка: без абвалу, але і без перспектыў для росту

Калі палітычныя наступствы пасляваеннага ўрэгулявання могуць істотна адрознівацца ў залежнасці ад сцэнару, то ў эканоміцы даследчыкі значна больш адназначныя: ніводзін з магчымых варыянтаў не абяцае Беларусі прыкметнага эканамічнага прарыву.

Паводле іх ацэнак, беларуская эканоміка ўжо перажыла самы цяжкі этап пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Пасля рэзкага падзення ў 2022 годзе яна часткова аднавілася дзякуючы расійскаму рынку, але прыкладна з сярэдзіны 2024 года фактычна ўвайшла ў фазу стагнацыі.

Галоўным фактарам росту апошніх гадоў стаў расійскі попыт, які дазволіў беларускім прадпрыемствам часткова кампенсаваць страту еўрапейскіх рынкаў. Аднак цяпер гэтая мадэль пачынае вычэрпвацца. Расійская эканоміка запавольваецца, адпаведна слабее і попыт на беларускія тавары.

Адначасова ўсё больш сур'ёзнай праблемай становіцца дэфіцыт працоўнай сілы. Прадпрыемствы вымушаныя павышаць заробкі, каб утрымаць супрацоўнікаў, але магчымасці для такога росту не бязмежныя.

Нават найбольш спрыяльны для Беларусі сцэнар — «збалансаваная дамова» — не адкрывае хуткага шляху да эканамічнага аднаўлення. Еўрапейскі саюз, лічаць аўтары даследавання, не будзе масава здымаць санкцыі толькі таму, што вайна спынілася.

Хутчэй можна чакаць паступовага змяншэння так званай «санкцыйнай таксічнасці»: адкрыцця часткі пунктаў пропуску, аднаўлення асобных лагістычных маршрутаў, палягчэння транспартных сувязяў і абмежаванага пашырэння гандлю. Але гэта не азначае вяртання Беларусі на еўрапейскі рынак у тым выглядзе, у якім ён існаваў да 2020 года.

Зусім іншая сітуацыя можа ўзнікнуць, калі пасляваеннае пагадненне будзе выгадным для Расіі. Тады ЗША і краіны Еўрасаюза могуць пайсці на частковае змякчэнне санкцый супраць Масквы, а разам з ёй — і супраць Мінска.

Парадокс у тым, што ў такім выпадку Беларусь можа атрымаць эканамічныя дывідэнды не з-за палітычных зменаў унутры краіны, а проста таму, што Захаду будзе патрэбна ўстойлівае мірнае пагадненне з Расіяй. Іншымі словамі, беларускія ўлады могуць атрымаць палягчэнне санкцыйнага рэжыму без вызвалення палітвязняў, без спынення рэпрэсій і без памяншэння залежнасці ад Масквы. Менавіта гэты сцэнар аўтары лічаць адным з самых небяспечных для ўсёй санкцыйнай палітыкі Еўрасаюза.

Што кожны са сцэнароў будзе азначаць для Беларусі

Нягледзячы на розныя варыянты заканчэння вайны, даследчыкі прыходзяць да адной агульнай высновы: ніводзін са сцэнароў не азначае хуткага вяртання Беларусі да нармальных адносін з Захадам.

Ва ўсіх выпадках Мінск застанецца моцна залежным ад Масквы. Розніца будзе ў тым, наколькі глыбокай стане гэтая залежнасць, маштабе рэпрэсій і магчымасцях для абмежаванага дыялогу з Еўрапейскім саюзам.

Калі вайна працягнецца

Калі сітуацыя на фронце істотна не зменіцца, Беларусь фактычна застанецца ў сённяшнім стане. Еўрапейскі саюз працягне разглядаць яе як найбліжэйшага саюзніка Расіі. Асноўная ўвага будзе надавацца ўжо не пашырэнню санкцый, а барацьбе са схемамі іх абыходу.

ЗША, паводле даследавання, могуць працягнуць асцярожны выбарачны дыялог з Мінскам. Ён будзе тычыцца перадусім гуманітарных пытанняў — вызвалення палітвязняў, працы амерыканскай амбасады або зніжэння рызыкі далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну. Але пра сапраўдную нармалізацыю адносін гаворкі не будзе.

Сам Лукашэнка, хутчэй за ўсё, таксама будзе спрабаваць аднавіць асобныя эканамічныя кантакты з Захадам, не змяняючы сваёй палітыкі. Ён працягне падтрымліваць Расію, але адначасова будзе шукаць магчымасці атрымаць выгаду ад абмежаванага супрацоўніцтва з Еўропай.

Унутры краіны аналітыкі таксама не чакаюць істотных перамен. Рэпрэсіі, хутчэй за ўсё, працягнуцца, хаця іх формы могуць стаць менш дэманстратыўнымі. Замест новых крымінальных спраў улады часцей будуць выкарыстоўваць адміністрацыйны пераслед, звальненні і іншыя формы ціску.

Не зменіцца і галоўная пагроза для рэгіянальнай бяспекі — расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі. Пры гэтым аўтары даследавання адзначаюць цікавую дэталь. На іх думку, няма дастатковых падстаў сцвярджаць, што расійская тактычная ядзерная зброя ўжо размешчаная ў Беларусі. Пакуль Крэмль выкарыстоўвае гэтую тэму перадусім як элемент палітычнага і інфармацыйнага ціску. Разам з тым магчымасць яе рэальнага размяшчэння ў будучыні даследчыкі не выключаюць.

Адносіны паміж Мінскам і Кіевам таксама застануцца мінімальнымі. Украіна і далей будзе ўспрымаць Беларусь як ваеннага саюзніка Расіі, таму супрацоўніцтва будзе абмежаванае толькі неабходнымі тэхнічнымі і гуманітарнымі кантактамі.

Вайна ва Украіне. Фота: Wolfgang Schwan Anadolu / Getty Images

Калі будзе кампрамісны мір

Найбольш перспектыўным для Беларусі аўтары даследавання лічаць сцэнар так званай «збалансаванай дамовы». Але нават у гэтым выпадку яны не чакаюць рэзкага павароту краіны ў бок Захаду.

Расійскі ўплыў нікуды не знікне. Беларусь застанецца часткай расійскай сістэмы бяспекі, а яе вайсковая залежнасць ад Масквы яшчэ доўга будзе вызначаць стаўленне Еўропы да Мінска.

Разам з тым менавіта гэты сцэнар пакідае найбольш прасторы для асцярожнага дыялогу.

Еўрапейскі саюз, хутчэй за ўсё, не стане маштабна скасоўваць санкцыі, але можа вярнуцца да абмеркавання асобных практычных пытанняў. Гаворка можа ісці пра адкрыццё дадатковых пунктаў пропуску, аднаўленне лагістычных маршрутаў, пашырэнне гуманітарных кантактаў або ўдзел еўрапейскага бізнэсу ў асобных праектах.

Адным з галоўных элементаў такога дыялогу могуць стаць палітвязні. Эксперты не выключаюць, што Мінск будзе выкарыстоўваць іх вызваленне як прадмет перамоў з Захадам. Але гаворка, хутчэй за ўсё, пойдзе пра паступовы абмен саступкамі, а не пра радыкальныя палітычныя змены.

Пры гэтым падчас прэзентацыі даследавання аўтары агучылі больш аптымістычную ацэнку. Калі ў даследаванні яшчэ дапускалася, што значная колькасць палітвязняў можа заставацца за кратамі і пры канцы 2026 года, то цяпер эксперты не выключаюць, што пры найбольш спрыяльным развіцці падзей да канца 2026 — пачатку 2027 года гэтая праблема можа быць у значнай ступені вырашаная.

Аднак гэта, на іх думку, не будзе азначаць канца рэпрэсій. Хутчэй за ўсё, дзяржава проста зменіць іх форму. Замест масавых палітычных працэсаў больш актыўна будуць выкарыстоўвацца кропкавы ціск, прафілактычныя затрыманні, адміністрацыйныя справы і іншыя механізмы кантролю, якія значна цяжэй заўважаць і дакументаваць.

З Украінай таксама не варта чакаць хуткага прымірэння. Нават пры самым спрыяльным сцэнары Кіеў працягне ўспрымаць Беларусь як краіну, праз тэрыторыю якой ішло расійскае ўварванне. Таму гаворка можа ісці толькі пра аднаўленне асобных транспартных, лагістычных і гуманітарных кантактаў, але не пра сапраўднае палітычнае партнёрства.

Калі дамова будзе выгаднай для Расіі

Найбольш неспрыяльным для Беларусі даследчыкі лічаць сцэнар, пры якім Расія атрымае адчуванне перамогі, а Захад будзе імкнуцца як мага хутчэй нармалізаваць адносіны з Масквой. У гэтым выпадку Беларусь рызыкуе яшчэ мацней замацавацца ў расійскай сферы ўплыву.

Аслабленне санкцый можа прынесці Мінску кароткатэрміновую эканамічную выгаду, але адначасова яшчэ больш павялічыць яго залежнасць ад Крамля. Лукашэнка атрымае магчымасць палепшыць эканамічнае становішча краіны, не мяняючы ні ўнутраную палітыку, ні адносіны да Захаду.

Менавіта гэты сцэнар, лічаць аўтары, можа стаць сур'ёзным выпрабаваннем і для самога Еўрапейскага саюза.

Пазіцыі яго членаў, імаверна, разыдуцца. Частка дзяржаў будзе настойваць на аднаўленні эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, спасылаючыся на неабходнасць стабілізацыі рэгіёна. Іншыя, перадусім краіны Балтыі і Польшча, будуць лічыць, што Беларусь па-ранейшаму застаецца галоўным расійскім вайсковым плацдармам на заходняй мяжы.

Не выключаюць даследчыкі і ўзмацнення расійскай вайсковай прысутнасці. Пасля заканчэння баявых дзеянняў Масква можа перакінуць у Беларусь частку падраздзяленняў, вызваленых з украінскага фронту, выкарыстаўшы іх для стварэння новай вайсковай інфраструктуры, рэгулярных вучэнняў або пастаяннага базавання. Для Украіны гэта азначала б захаванне высокага ўзроўню пагрозы нават пасля заканчэння вайны.

Як адзначылі аўтары падчас прэзентацыі, у любым са сцэнароў ключавым словам для характарыстыкі адносін Кіева да Мінска застанецца «таксічнасць». Давер паміж дзвюма краінамі будзе аднаўляцца вельмі павольна, а палітычны дыялог яшчэ доўга будзе абмежаваны.

Што ўсё гэта азначае для Еўропы

Для Еўрапейскага саюза даследчыкі вылучаюць чатыры галоўныя выклікі.

Першы — вайсковы. Беларуская тэрыторыя ўжо сёння выкарыстоўваецца Расіяй як элемент яе вайсковай інфраструктуры. Пасля заканчэння вайны гэтая роля можа ўзрасці.

Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра магчымыя войскі або ракеты. Беларусь ужо стала пляцоўкай для гібрыдных пагроз — арганізаванай міграцыі, інфармацыйных аперацый, кібернападаў і правакацый на межах Еўрасаюза.

Другі выклік — паступовая страта беларускай суб'ектнасці. Калі ўвага Захаду будзе сканцэнтраваная выключна на Расіі і Украіне, Беларусь можа канчаткова замацавацца ў расійскай палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай прасторы.

Трэці — раскол паміж заходнімі саюзнікамі. Аўтары даследавання не выключаюць, што пасля заканчэння вайны падыходы ЗША і Еўрапейскага саюза да Беларусі могуць пачаць разыходзіцца. Паводле іх ацэнак, Вашынгтон можа зрабіць стаўку на больш прагматычны дыялог з Мінскам. Для ЗША Беларусь можа стаць адным з элементаў больш шырокіх перамоў з Расіяй пра будучую архітэктуру бяспекі ў Еўропе. 

Еўрапейскі саюз, наадварот, можа захаваць больш жорсткі падыход. Для многіх яго краін, перадусім Польшчы і дзяржаў Балтыі, Беларусь застаецца непасрэднай крыніцай пагроз — ад расійскай вайсковай прысутнасці да міграцыйнага ціску і іншых гібрыдных атак на межах. Калі гэтыя падыходы сапраўды разыдуцца, Лукашэнка можа паспрабаваць скарыстацца гэтымі супярэчнасцямі ў сваіх інтарэсах.

І нарэшце чацвёртая пагроза — знікненне Беларусі з міжнароднага парадку дня. Калі пасля заканчэння вайны асноўная ўвага Захаду будзе сканцэнтраваная на адносінах з Расіяй і аднаўленні Украіны, беларускі крызіс можа адысці на другі план. На думку экспертаў, менавіта гэты сцэнар стаў бы адным з самых небяспечных, бо дазволіў бы Мінску і Маскве без асаблівай увагі звонку канчаткова замацаваць цяперашнюю мадэль адносін.

Што ўсё гэта можа азначаць для беларусаў

Калі чытаць даследаванне цалкам, можна заўважыць, што яно не абяцае беларусам хуткіх добрых навін. Нават пры найбольш спрыяльным развіцці падзей аўтары не чакаюць ні хуткай дэмакратызацыі краіны, ні рэзкага паслаблення расійскага ўплыву. Але гэта не азначае, што пасля заканчэння вайны жыццё беларусаў не можа змяніцца.

Мяжа Беларусі і Літвы. Фота ілюстрацыйнае

Перш за ўсё размова ідзе пра аднаўленне кантактаў з Еўропай. За апошнія пяць гадоў беларусам стала значна цяжэй атрымліваць шэнгенскія візы, падарожнічаць, падтрымліваць прафесійныя і асабістыя сувязі з краінамі Еўрасаюза. Закрытыя памежныя пераходы, скарачэнне працы консульстваў, адмена чыгуначных і авіязносін фактычна зрабілі Беларусь значна больш ізаляванай, чым яна была яшчэ некалькі гадоў таму.

На думку аўтараў даследавання, менавіта гэта павінна стаць адным з першых кірункаў працы Еўрапейскага саюза пасля заканчэння вайны.

Гаворка не ідзе пра нармалізацыю адносін з беларускімі ўладамі. Наадварот, даследчыкі прапануюць аддзяліць палітыку ў адносінах да рэжыму ад палітыкі ў адносінах да беларускага грамадства.

Калі дазволіць сітуацыя з бяспекай, Еўропа магла б паступова аднаўляць консульскую прысутнасць у Беларусі, выдаваць больш шматразовых доўгатэрміновых візаў, адкрываць новыя пункты пропуску і вяртаць чыгуначныя зносіны з суседнімі краінамі.

Такія крокі, лічаць аналітыкі, павінны разглядацца як інвестыцыя ў беларускае грамадства, а не праз прызму саступак Лукашэнку.

Яны зыходзяць з простай логікі: чым менш беларусы будуць кантактаваць з Еўропай, тым мацней краіна будзе інтэгравацца ў расійскую палітычную, адукацыйную і інфармацыйную прастору.

Не менш важным даследчыкі лічаць і захаванне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл. На іх думку, пасля заканчэння вайны існуе рызыка, што міжнародная ўвага пераключыцца выключна на адносіны з афіцыйным Мінскам. Калі гэта адбудзецца, Лукашэнка фактычна атрымае манаполію на прадстаўленне Беларусі за мяжой.

Каб гэтага не адбылося, прадстаўнікі дэмакратычных сіл павінны і далей удзельнічаць у міжнародных дыскусіях — пра дэмакратыю, пасляваенную бяспеку, будучыню рэгіёна і развіццё Беларусі.

Пасля вайны галоўнае пытанне будзе ўжо іншым

Апошнія некалькі гадоў Беларусь абмяркоўвалі галоўным чынам у адным кантэксце: ці ўступіць яна ў вайну супраць Украіны. Даследаванне прапануе паглядзець крыху далей.

Калі баявыя дзеянні сапраўды скончацца, галоўным стане ўжо іншае пытанне: ці здолее Беларусь калі-небудзь выйсці з расійскай арбіты і вярнуцца ў еўрапейскую прастору бяспекі, ці пасля вайны яе залежнасць ад Масквы толькі ўзмоцніцца. Праўда, эксперты зусім не разглядалі варыянта ўнутранага выбуху ў Расіі. Хоць прыкметы ўнутранага крызісу з'явіліся. Не разглядалі яны і варыянта прымянення Расіяй ядзернай зброі.

У кожным разе, для Беларусі заканчэнне вайны стане пачаткам новага этапу. І ад таго, як будуць у гэты момант дзейнічаць Мінск, Масква, Брусель і Вашынгтон, а таксама — і найперш — беларускае грамадства, будзе залежаць як будучыня Беларусі, так і бяспека Усходняй Еўропы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула