ДАІ паведаміла, дзе ў Мінску на 3 ліпеня абмяжуюць рух
Падчас святкавання 3 ліпеня ў Мінску на шэрагу вуліц і праспектаў будуць дзейнічаць часовыя абмежаванні руху. Дзяржаўтаінспекцыя паведаміла, што гэта неабходна для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
З 18:00 3 ліпеня да 1:00 4 ліпеня будзе закрыты рух усіх відаў транспарту на праспекце Пераможцаў ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да вуліцы Сапёраў, а таксама на праспекце Машэрава ад вуліцы Даўмана да вуліцы Ціміразева.
Абмежаванні будуць дзейнічаць не толькі для аўтамабіляў і матацыклаў, але і для ровараў, а таксама сродкаў персанальнай мабільнасці. Жыхарам і гасцям горада раяць карыстацца грамадскім транспартам.
Падчас правядзення святаў на прыпынку «Палац спорту» не будуць рабіцца пасадка і высадка пасажыраў.
Акрамя таго, каля 23:00, падчас запуску святочных феерверкаў, могуць увесці дадатковыя абмежаванні на рух, прыпынак і стаянку транспарту на прылеглых вуліцах. Яны могуць закрануць праспект Незалежнасці на ўчастку ад вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Леніна, а таксама вуліцу Янкі Купалы ад вуліцы Максіма Багдановіча да праспекта Незалежнасці.
Кіроўцам, якія плануюць прыехаць на святочныя пляцоўкі на асабістым транспарце, рэкамендуюць загадзя паклапаціцца пра месца для паркоўкі і пакідаць аўтамабілі толькі там, дзе гэта дазволена Правіламі дарожнага руху. Гараджанам, якія збіраюцца наведаць святочныя мерапрыемствы, таксама раяць аддаць перавагу грамадскаму транспарту.
Чытайце таксама:
У Слоніме дзеля рэканструкцыі вызвалення горада вызваляюць яго ад дрэў