На Беларускай чыгунцы ўводзяць новы від цягнікоў
У Беларусі плануецца ўвядзенне новага тыпу цягнікоў. Гаворка ідзе пра так званыя паскораныя рэгіянальныя лініі эканомкласа. Яны будуць працаваць на маршрутах паміж Мінскам, абласнымі цэнтрамі і раённымі гарадамі, а таксама іншымі населенымі пунктамі, піша Tochka.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia
Увядзенне новага тыпу цягнікоў прадугледжана зменамі ў закон аб чыгуначным транспарце, прынятым Саветам Рэспублікі.
Асноўная ідэя новага фармату — скараціць час у дарозе за кошт меншага ліку прыпынкаў. Па сутнасці, гэта будуць цягнікі, якія будуць рухацца хутчэй па ўжо наяўных рэгіянальных маршрутах за кошт спынення не на ўсіх прыпынках па дарозе.
Цяпер на рэгіянальных лініях у Беларусі курсуюць цягнікі эканом– і бізнэс-класа, але яны не падзеленыя на дадатковыя падкатэгорыі. Новы від павінен дапоўніць наяўную сістэму перавозак, але канкрэтныя мадэлі рухомага саставу пакуль не называюцца.
Акрамя гэтага, у праекце новага закона аб чыгуначным транспарце прадугледжаныя і іншыя змены ў чыгуначнай сферы. Абнаўляюцца правілы медыцынскіх аглядаў работнікаў чыгункі, а таксама ўводзяцца дадатковыя патрабаванні да кантролю бяспекі на чыгуначных пуцях.
Удакладняецца парадак расследавання парушэнняў бяспекі руху і інфармавання адпаведных органаў, а таксама механізмы атрымання дазволаў на кіраванне чыгуначным транспартам для работнікаў.
Таксама частка функцый ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі будзе перададзена Дэпартаменту аховы МУС, а Міністэрства транспарту атрымае дадатковыя паўнамоцтвы па класіфікацыі парушэнняў і выдачы дазволаў для супрацоўнікаў галіны.
Чытайце таксама:
Паміж Беларуссю і Расіяй пусцяць яшчэ некалькі прыгарадных цягнікоў
Праект хуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск падымаецца ў прыярытэтах
Цалкам аднавілі рух «Штадлераў» паміж Мінскам і Рудзенскам
У цэнтры кіравання перавозкамі Беларускай чыгункі цэлы паверх адвялі вайскоўцам