Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці
У зводцы за мінулы дзень расійскае Міністэрства абароны згадала пра збіццё незвычайнай цэлі.
Фота ілюстрацыйнае
«Сродкамі супрацьпаветранай абароны збітыя 7 кіраваных авіяцыйных бомбаў, аператыўна-тактычная ракета вялікай далёкасці і 602 беспілотныя лятальныя апараты самалётнага тыпу», — паведаміла расійскае Міністэрства абароны.
Можна меркаваць, што пад аператыўна-тактычнай ракетай вялікай далёкасці гаворка ідзе пра ўкраінскую балістычную ракету FP-9, адносна якой дагэтуль лічылася, што яна знаходзіцца ў стане распрацоўкі. Але цяпер, верагодна, прыйшоў час яе тэставага выпрабавання.
Месца, дзе адбылося гэтае збіццё, не называецца, але па ўскосных даных эксперты называюць Маскоўскую вобласць. Як сцвярджаецца, учора ў інтэрнэце з'явілася фота перахопу над ёй цэлі, характэрнай для вышыні палёту балістычнай ракеты, а таксама варонка ад яе.
Некалькі дзён таму заснавальнік і галоўны канструктар найбуйнейшай украінскай вайсковай кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман у інтэрв'ю YouTube-каналу Pressing анансаваў першы запуск балістычнай ракеты FP-9 у найбліжэйшы час.
Чытайце таксама:
Вялікая група ўкраінскіх дронаў заляцела ў Расію праз Беларусь
Украіна ўдарыла пяццю «Фламінга» па заводзе ў Валгаградзе, дзе вырабляюць «Арэшнік»