Выйшла кніга «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша»
Фонд «Камунікат» выпускае пераклад важнай кнігі для захавання памяці беларусаў Беласточчыны аўтарства Анэты Прымакі-Онішк — «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша», піша bellit.info.
Досвед нацыянальных меншасцяў часта выключаецца з афіцыйнай гісторыі. У паўночна-усходняй Польшчы таксама мала гаварылася пра тое, што давялося перажыць беларуска-праваслаўнай супольнасці: бежанства, пасляваенныя перасяленні і злачынствы.
Анэта Прымака-Онішк парушае гэтае маўчанне. Яна ездзіць па падляскіх вёсках, размаўляе з жыхарамі Беластока, Бельска Падляскага, Гайнаўкі, Сямятычаў і Саколкі, чытае архіўныя дакументы і супастаўляе здабытыя веды з міфамі пра польска-беларускія адносіны. Усё дзеля таго, каб зразумець, што адбылося восемдзесят гадоў таму, і якое значэнне надаецца гэтым падзеям сёння.
«Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» — гэта кніга-сведчанне, важная не толькі для беларусаў Падляшша, але і для беларусаў з метраполіі.
«Настолькі памяць беларусаў Беласточчыны, менавіта — наша памяць, была забытая, што нават самі беларусы не заўважалі сваёй крыўды і сваёй трагедыі. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Нават у нас на Беласточчыне пра «Бурага» і яго ахвяр гаварылі толькі «на кухні» і прыглушаным голасам», — расказвае выдавец беларускага пераклада кнігі Яраслаў Іванюк, які нарадзіўся ў Бельску-Падляскім.
Анэта Прымака-Онішк паказвае, што трагічныя падзеі пасля вайны адбываліся не толькі на поўдні, але і на поўначы Беласточчыны. Аўтарка, як і ў выпадку сваёй першай кнігі пра бежанства, адштурхоўваецца ад сямейнай гісторыі — яе дзед таксама загінуў ад рук польскага падполля як нібыта «камуніст».
З польскай мовы на беларускую кнігу пераклала Наталля Русецкая.
Кнігу Анэты Прымака-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop. Адпраўка — пасля 20 ліпеня.