Ціханоўская зрабіла сэлфі ў вышыванцы ФОТАФАКТ
Дэмакратычная лідарка Беларусі звярнулася да беларусаў з нагоды Дня вышыванкі і зрабіла фота.
Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай
«Нашая культура — гэта менавіта тое, што робіць нас беларусамі. Песні, якія напявала бабуля, казкі, якія чыталі нам перад сном, міфы, што перадаваліся з вуснаў у вусны, і, канечне, нашыя строі. Вышыванка — гэта наш культурны код. Кожны радок ручной вышыўкі нясе ў сабе памяць і гісторыі нашых продкаў. Калі мы апранаем яе, мы паказваем усім навокал: мы ведаем, хто мы ёсць, і ганарымся гэтым.
Як ствараецца ўзор вышыванкі радок за радком, так і пішацца наша гісторыя. Памылішся ў адным сцяжку — і мяняецца ўвесь малюнак. Так і з культурай: страціш адзін кавалачак, адну традыцыю — і ўжо цяжка будзе пазнаць сябе. Беражыце і шануйце сваё, бо менавіта яно робіць нас адзіным народам», — напісала Святлана Ціханоўская.