БЕЛ Ł РУС

Мінкульт пазбавіў статусу помніка архітэктуры згарэлую царкву ў Сцяпанках. Каб не аднаўляць?

3.07.2026 / 15:44

Ф. Раўбіч

Спецыялісты лічаць, што гэты прэцэдэнт адкрывае скрыню Пандоры, бо спаліць помнік архітэктуры для многіх забудоўшчыкаў будзе прасцей і танней, чым яго рэстаўраваць. 

Свята-Міхайлаўская царква ў Сцяпанках з боку апсіды. Фота: Наша Ніва

Як звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына», Міністэрства культуры пастановай ад 6 мая 2026 года афіцыйна пазбавіла ахоўнага статусу Свята-Міхайлаўскую царкву ў Сцяпанках Жабінкаўскага раёна. Гістарычны аб'ект, знішчаны пажарам летась, цяпер выключаны з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Свята-Міхайлаўская царква была пабудавана каля 1780 года і з'яўлялася ўзорам заходнепалескай школы драўлянага дойлідства з выразнымі рысамі барока. Як мы падрабязна пісалі раней у нашым гістарычным аглядзе, гэты ўнікальны аб'ект разглядаўся як кандыдат на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Трагічны фінал адбыўся ў ліпені 2025 года, калі будынак згарэў дашчэнту. Згодна з высновамі экспертаў, пажар пачаўся з-за кароткага замыкання: падчас рамонтна-аднаўленчых работ да сеткі адначасова падключылі занадта шмат энергаёмістага абсталявання. Замест таго, каб патрабаваць адказнасці і навуковага ўзнаўлення помніка, мясцовыя ўлады адразу анансавалі хуткую расчыстку тэрыторыі і праектаванне на вызваленым участку цалкам новага будынка.

Рэшткі Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сцяпанках пасля пажару. Для рэстаўратараў такі стан не з’яўляецца перашкодай для паўнавартаснага навуковага аднаўлення храма, калі яго выгляд быў зафіксаваны да разбурэння. Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

Рэшткі Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сцяпанках пасля пажару. Для рэстаўратараў такі стан не з’яўляецца перашкодай для паўнавартаснага навуковага аднаўлення храма, калі яго выгляд быў зафіксаваны да разбурэння. Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

Супярэчнасць з Кодэксам аб культуры

Пастанова Міністэрства культуры аб выключэнні царквы са спіса з'яўляецца юрыдычна неабгрунтаванай.

Паводле пункта Кодэкса аб культуры, пазбаўленне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці магчыма толькі ў выпадку фізічнай страты аб'екта і адначасовай «немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення».

Рашэнне аб такой немагчымасці павінна прымаць Навукова-метадычная рада.

Як звяртаюць увагу спецыялісты, у выпадку са Сцяпанкаўскай царквой немагчымасць аднаўлення нічым не абгрунтаваная. Да пажару будынак быў дэталёва зафіксаваны: існуе вычарпальны аб'ём фотаматэрыялаў, абмераў і архітэктурных апісанняў. Гэтай базы абсалютна дастаткова для дакладнай навуковай рэстаўрацыі (узнаўлення) храма XVIII стагоддзя. Тым не менш Рада пры Міністэрстве культуры ўхваліла рашэнне аб выключэнні аб'екта з дакументаў.

Іканастас перад пажарам. Фота: pokrov-church.by

Выключэнне царквы ў Сцяпанках са спіса стварае небяспечную практыку ў галіне аховы спадчыны. Фактычна ведамства прадэманстравала механізм вызвалення зямельных участкаў ад гістарычнай забудовы і звязаных з ёй заканадаўчых абмежаванняў.

Калі раней уласнік быў абавязаны захоўваць і аднаўляць помнік, то цяпер фізічнае знішчэнне аб'екта дазваляе зняць з яго ахоўны статус. Прычынай страты можа стаць «выпадковае» кароткае замыканне ці «выпадковы» падпал бяздомнымі — вельмі зручны інструмент, якім нехта абавязкова скарыстаецца. 

Чытайце таксама:

Чаму асобныя аб’екты са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА змагаюцца за выключэнне з яго?

Беларускія дранікі будуць прэтэндаваць на спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Якія гістарычныя аб’екты ў Мінску адрэстаўруюць у наступныя гады

Каментары да артыкула