БЕЛ Ł РУС

У дні анамальнай спёкі больш за 100 беларусаў атрымалі цеплавыя траўмы

2.07.2026 / 20:15

Nashaniva.com

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, з 22 чэрвеня было зафіксавана 111 такіх выпадкаў. Амаль палова пацярпелых — 48 чалавек — былі шпіталізаваныя, астатнім дапамогу аказалі амбулаторна.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

За апошнія суткі таксама адзначаны новы рост зваротаў: 43 чалавекі звярнуліся да дактароў, у тым ліку 15 у Брэсцкай вобласці.

Медыкі тлумачаць, што цеплавыя траўмы ўключаюць цеплавы ўдар, сонечны ўдар і цеплавыя сутаргі. Усе гэтыя станы ўзнікаюць праз перагрэў арганізма і страту вадкасці і соляў.

Спецыялісты папярэджваюць, што ў спёку арганізм хутка траціць ваду, кроў згушчаецца, што павышае рызыку тромбаў. Асабліва небяспечна гэта для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, бо ўзрастае верагоднасць інсультаў і інфарктаў.

Медыкі рэкамендуюць у гарачае надвор’е піць дастатковую колькасць вады, насіць лёгкае адзенне светлых колераў, пазбягаць прамых сонечных прамянёў, а таксама абмежаваць фізічныя нагрузкі і ўжыванне алкаголю.

Раней паведамлялася, што 29 чэрвеня ў Беларусі быў зафіксаваны рэкорд тэмпературы за ўсю гісторыю назіранняў — у Пінску паветра прагрэлася да +40,4°C.

Чытайце таксама:

Як выжыць у анамальную спёку. Нечаканыя, але дзейсныя парады навукоўцаў

Гістарычныя +40,4°C у Пінску — гэта толькі разагрэў. Беларусь уваходзіць у новую кліматычную эру і на вачах стане лесастэпам

Ад анамальнай спёкі ў Еўропе за тыдзень загінулі больш за 1300 чалавек

Як засцерагчы сябе ад спёкі

Каментары да артыкула