«Белавія» запусціла адзіныя квіткі з «Аэрафлотам»
Расійская авіякампанія «Аэрафлот» і беларуская «Белавія» пачалі прадаваць адзіныя авіяквіткі ў межах інтэрлайн-пагаднення, паведамляе прэс-служба расійскага перавозчыка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Цяпер пасажыры могуць аформіць адзін квіток для падарожжаў праз Мінск у тры краіны — Грузію, Ізраіль і Туркменістан. Прадугледжаныя рэйсы ў Тбілісі, Кутаісі, Батумі, Тэль-Авіў і Туркменбашы. На сегменце паміж Масквой і Мінскам перавозку будзе выконваць «Аэрафлот», а далей — «Белавія».
Пагадненне таксама дзейнічае для пасажыраў, якія вылятаюць з Мінска, Гомеля, Брэста і Магілёва ў Маскву або Санкт-Пецярбург з наступнай перасадкай на рэйсы «Аэрафлота». У гэтым выпадку першы этап палёту будзе выконваць «Белавія», а далейшы — расійскі перавозчык.
Квіткі можна набыць як з уключаным багажом, так і без яго. Выключэнне складаюць рэйсы ў Туркменістан і назад — для іх даступныя толькі тарыфы з багажом.
Таксама для пасажыраў прадугледжаная скразная рэгістрацыя: багаж можна будзе здаць адразу да канчатковага пункта прызначэння і атрымаць усе пасадачныя талоны пры афармленні рэйсу.
Чытайце таксама:
«Белавія» паведаміла пра аднаўленне рэйсаў на Фукуок