БЕЛ Ł РУС

«Вельмі шмат таго, што я рабіла тады, сёння ўжо не паўтарыла б». Кацярына Андрэева расказала, як пераасэнсавала сваё жыццё

3.07.2026 / 22:44

Nashaniva.com

«Добры журналіст — гэта журналіст, які зрабіў матэрыял і выйшаў у бяспеку», — разважае рэпарцёрка пасля пяці гадоў зняволення.

Кацярына Андрэева на сустрэчы ў Вільні. Фота тут і далей: «Наша Ніва»

Тэлефон яна цяпер ужо трымае ўпэўнена. Але прызнаецца: пасля вызвалення давялося літаральна нанова вучыцца самым звычайным рэчам.

«Я не памятала, як трымаць тэлефон у руках. І часта ў калоніі проста рабіла такі жэст, нібыта ў мяне ў руцэ тэлефон і я гартаю стужку. Насамрэч усе тэхнічныя навыкі рассейваюцца. Але стрэс, трывога — яны не знікаюць. І цяпер, калі мне тэлефануе незнаёмы нумар, для мяне гэта проста дзіва дзіўнае. Мне вельмі складана з гэтымі тэхналогіямі. Але самае складанае — адчуць, што ты больш не аб'ект».

Тры месяцы таму журналістка Кацярына Андрэева выйшла на волю пасля больш як пяці гадоў за кратамі. На сустрэчы ў Беларускім доме ў Вільні яна зноў узгадвала сваё затрыманне, суды, калонію, а таксама казала пра тое, як выглядае яе жыццё пасля вызвалення. Пра рэфлексы, якія не адпускаюць, пачуццё віны перад Дар'яй Чульцовай, мужа Ігара Ільяша, з якім няма сувязі ўжо некалькі гадоў, і журналістыку, у якую яна вяртаецца іншым чалавекам.

«Ідзеш па Варшаве і ловіш сябе на тым, што баішся паліцэйскіх»

За тры месяцы Кацярына Андрэева яшчэ толькі вучыцца быць свабодным чалавекам.

«За пяць гадоў калоніі чалавек прывыкае, што кожны ягоны крок рэгламентуецца. Калі можна ўстаць, калі можна сесці, калі можна ісці. А пасля вызвалення аказваецца, што можна проста выйсці на вуліцу і пайсці туды, куды хочацца», — распавядае журналістка.

Некаторыя рэфлексы яе ўсё яшчэ не адпускаюць. У цэнтры Варшавы яна, калі бачыць паліцэйскіх, хоча аўтаматычна з імі прывітацца. Мужчын у форме мозг па-ранейшаму ўспрымае як пагрозу. Незнаёмыя тэлефонныя званкі выклікаюць трывогу. А гук крокаў за спінай можа на імгненне вярнуць у турэмную рэальнасць.

Яшчэ адно нечаканае наступства гадоў у калоніі — страх перад мужчынамі.

«Мы нядаўна размаўлялі з дзяўчатамі, з якімі былі ў адной калоніі, і зразумелі, што пачынаеш адчуваць пагрозу ад любога мужчыны. Бо пяць гадоў ты знаходзілася толькі ў жаночым асяроддзі. Мужчыны — гэта супрацоўнікі калоніі, адміністрацыя, сілавікі. Гэта значыць небяспека. Гэта такія рэфлексы, якія яшчэ доўга будуць працягвацца», — кажа Кацярына.

Зараз яна вучыцца жыць звычайным жыццём нанова. І ў гэтым знаходзіць нечаканы плюс:

«Ты нанова перажываеш вельмі шмат рэчаў. Напрыклад, калі я паляцела на самалёце, была шчаслівая, што дзіця! Можна зноў адкрываць для сябе самыя простыя рэчы са свабоднага жыцця».

«Я вяртаюся ў журналістыку»

Пра вяртанне ў прафесію Кацярына Андрэева гаворыць упэўнена. Яна ўжо атрымала дакументы, якія дазваляюць легальна працаваць, і пацвярджае: у новым сезоне «Белсата» зноў з'явіцца ў эфіры. Праўда, ужо ў новай ролі — вядучай студыі.

Але яна прызнае: журналістыка пасля 2020 года ўжо ніколі не будзе ранейшай.

«Мы ўжо не маем той аўдыторыі, якая была ў Беларусі. Мы працуем не для сябе. Мы працуем для людзей. Мы ўжо не можам гарантаваць бяспеку нашым героям. І для мяне гэта цяпер вельмі важна. Я не хачу, каб нехта пацярпеў з-за мяне», — кажа журналістка.

Больш за тое, сёння яна крытычна ацэньвае і ўласную працу шасцігадовай даўніны. Кацярына Андрэева прызнаецца, што пераглядае свае старыя стрымы і разумее: цяпер многія рашэнні не паўтарыла б:

«Тую сваю працу я абсалютна не ідэалізую. Я сябе за яе крытыкую. Не заўсёды трэба знаходзіцца настолькі блізка да падзей, каб якасна іх асвятляць. Журналіст павінен зрабіць матэрыял і выйсці ў бяспеку. Жаданне дакрануцца да падзей, быць да іх як мага бліжэй — гэта не апраўдвае такі стыль працы. Мне ёсць за што сябе крытыкаваць. І вельмі шмат таго, што я рабіла тады, сёння ўжо не паўтарыла б».

Менавіта гэты досвед, лічыць яна сёння, каштаваў занадта дорага.

«Я адчуваю віну перад Дашай»

Магчыма, самыя асабістыя словы прагучалі, калі гаворка зайшла пра Дар'ю Чульцову. Абедзве журналісткі былі арыштаваныя пасля стрыму з мінскай «Плошчы Перамен» у лістападзе 2020 года. 

Кацярына Андрэева прызналася, што дагэтуль адчувае асабістую адказнасць за тое, што яе калега апынулася за кратамі. На той момант яна была больш вопытнай журналісткай у гэтай пары, прымала ключавыя рашэнні, выбірала кватэру, адкуль вялі трансляцыю, а пасля, калі стрым ужо глядзелі сотні тысяч чалавек, вырашыла не спыняць эфір.

«Я выбрала рашэнне ісці ў тую кватэру. Я знайшла людзей, якія нас туды пусцілі. Я ўсё гэта арганізавала. А потым, калі пабачыла колькасць праглядаў стрыму, таксама прыняла рашэнне заставацца. Я ўзгадніла яго з рэдактарам. Але, шчыра кажучы, нават калі б рэдактар сказаў мне спыняць стрым і сыходзіць, думаю, што ў той момант зрабіла б наадварот», — узгадвае Андрэева.

Цяпер яна лічыць, што гэта была памылка. І гэты досвед стаў адной з галоўных прафесійных высноў за апошнія гады:

«Журналіст, якога пасадзілі, ужо не зробіць наступны матэрыял і не будзе асвятляць падзеі на наступны дзень. Добры журналіст — гэта журналіст, які зрабіў матэрыял і выйшаў у бяспеку».

Калі журналісткі пасля затрымання зноў убачыліся за кратамі, першае, што сказала Андрэева Дар'і Чульцовай, было: «Я адчуваю сваю віну за тое, што ты апынулася за кратамі».

«Я не бачыла і не чула Ігара ўжо некалькі гадоў»

Пра мужа Ігара Ільяша Андрэева гаворыць спакойна, але адразу адчуваецца, што гэта самая балючая тэма.

Сувязі паміж імі няма ўжо некалькі гадоў. З моманту арышту Ігара ў 2024 годзе яны не могуць ні перапісвацца, ні размаўляць па тэлефоне. 

Тым не менш пра яе вызваленне ён даведаўся ў той самы дзень, ён якраз не знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Кацярына кажа, што пасля гэтага яму стала хаця б маральна лягчэй пераносіць зняволенне.

Фізічна ж умовы застаюцца вельмі цяжкімі. Паводле вядомай ёй інфармацыі, Ігар займаецца ручной перапрацоўкай гумы. Таксама яго часта кідаюць у ШЫЗА.

«Ён цяпер шмат у чым цярпіць нават не праз сваю прафесію. А праз сваю прыналежнасць да мяне. Яму наўпрост сказалі: «Твая жонка — Кацярына Андрэева, таму ў цябе будуць такія ўмовы, такое стаўленне». Гэта, вядома, вельмі цяжка асэнсоўваць», — кажа журналістка.

Кацярына прызнаецца, што цяпер не можа будаваць планы на будучыню без мужа.

«Мне вельмі не хапае яго. Гэта як быццам у цябе няма часткі душы, часткі цела. Таму мне вельмі цяжка цяпер нешта планаваць самастойна. Для мяне Ігар — гэта вельмі важны маральны арыенцір. І мне хочацца ўсе свае планы, усе думкі, усё ўзгадняць з ім. Калі яго вызваляць, мы сядзем і параімся. Як ён бачыць сваю будучыню. Ці хоча заставацца ў журналістыцы, ці хоча рабіць вялікія праекты. Пакуль я не магу пра гэта думаць адна».

«Не называйце мяне сімвалам»

Падчас сустрэчы Андрэеву некалькі разоў называлі сімвалам беларускай журналістыкі і прыкладам мужнасці. Кожны раз яна акуратна пярэчыла.

Для яе ўсё, што адбылося, проста праца, якую выконвалі дзясяткі беларускіх журналістаў.

Калі ўжо і шукаць прыклад, кажа яна, то для яе самой такім чалавекам застаецца былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава. «Я захапляюся ёю бязмежна. І як чалавекам, і як прафесіяналам», — прызнаецца Андрэева.

«Я ўжо не гатовая плаціць такую цану»

Кацярына распавяла, што апошнія месяцы ўжо не раз сутыкалася з чаканнямі, нібы пасля вызвалення павінна адразу вярнуцца да актыўнай працы.

«Я сустракала такое стаўленне. Маўляў, вось толькі Кацярына выйдзе — адразу кінецца ў журналістыку, актыўную дзейнасць. Не, гэта не так працуе. Хочацца, каб было разуменне і не было гэтых завышаных чаканняў. Гэта вельмі цяжка растлумачыць чалавеку, які не быў за кратамі. На многія рэчы ў нас цяпер проста няма сіл», — кажа Андрэева.

Пасля вызвалення журналістку нават запыталі, ці паедзе яна папрацаваць ва Украіну.

«Я вельмі ветліва адказваю, што пакуль такіх планаў не маю. За гэтыя гады я змянілася не толькі як журналіст. Змяніліся мае жыццёвыя прыярытэты. Я была гатовая заплаціць сваёй свабодай і бяспекай за сваю працу. Але я ніколі не была гатовая плаціць бяспекай сваёй сям'і. Можа, гэта не так гераічна гучыць. Можа, камусьці хацелася б бачыць гісторыю пра тое, як Кацярына Андрэева нясе галаву за прафесію. Але гэта не так. Цяпер я разумею адно: рызыкаваць сабой — так, рызыкаваць сваёй сям'ёй — больш ніколі», — адзначае яна.

«Я не магу цяпер чытаць свае вершы»

За гады зняволення Кацярына шмат чытала. Асабліва запомнілася ёй «Чума» Альбера Камю:

«Калі я дайшла да пятай часткі, калі пачынаецца адступленне чумы… Я проста расплакалася. Не магла спыніцца. Потым нават перапісвала гэты ўрывак Ігару ў ліст».

А вось пра ўласныя вершы гаворыць зусім нечакана:

«Я вельмі ўдзячная людзям, якія іх распаўсюджвалі. Ведаю, што іх паклалі на музыку. Ігар яшчэ паспеў мне пра гэта напісаць. Але… я чамусьці адчувала нават нейкае раздражненне. Не магу растлумачыць чаму. Мне было крыху крыўдна за ўласныя вершы. Я іх чытала — і мне было няёмка. Ведаеце, як бывае, калі праз шмат гадоў адкрываеш сшытак са сваімі вершамі, напісанымі ў дзясятым класе».

Пасля вызвалення яна не напісала ніводнага радка. Амаль усё, што было напісана ў калоніі, яна страціла.

«Перад вызваленнем у мяне забралі ўсю перапіску, увесь архіў — дзённікі, вершы, нататкі, лісты. Усё, што я збірала пяць гадоў. Калі мяне выводзілі, я ўбачыла пустую разарваную кардонную скрынку. Маіх папер ужо не было. Вельмі шкада. Асабліва апошняга слова на закрытым судзе. Цяпер яго проста не існуе», — узгадвае Кацярына.

«Не патрабуйце ад палітвязняў адразу быць моцнымі»

Падчас сустрэчы Кацярыну Андрэеву папрасілі даць параду тым, хто сёння сустракае людзей пасля вызвалення.

«Вельмі добра, што цяпер ніхто не ладзіць прэс-канферэнцый адразу пасля вызвалення. Не трэба адразу задаваць пытанні, якія патрабуюць нейкага экспертнага меркавання. Мне здаецца, стаўленне нашай супольнасці да палітвязняў павінна быць вельмі далікатным», — падкрэслівае журналістка.

Яна кажа, што многія, хто выходзіць на волю, вяртаюцца з цяжкай траўмай. І самае галоўнае цяпер — не чакаць ад іх імгненнага вяртання да звычайнага жыцця.

«Мы тут вывезлі з сабой маленькую Беларусь. І трэба быць больш пяшчотнымі адзін да аднаго. Трэба памятаць, што перад табой проста жывы чалавек, які перажыў вельмі моцную траўму. Будзьце побач. Часам проста пабыць побач — гэта самае важнае», — перакананая яна. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула