Турцыя дэпартавала ў Расію дзяўчыну, якую пераследуюць там за антываенны надпіс
Гэты прэцэдэнт наўпрост можа тычыцца беларускіх палітэмігрантаў.
Турэцкія ўлады здзейснілі першую вядомую дэпартацыю расійскай грамадзянкі, якую пераследуюць на радзіме за палітыку. Ахвярай гэтага рашэння стала 24‑гадовая актывістка Арыядна Літвінава, якую затрымала турэцкая паліцыя і ўжо 4 ліпеня прымусова адправіла самалётам у маскоўскі аэрапорт.
Па прыбыцці дзяўчыну затрымалі сілавікі.
Крымінальны пераслед Літвінавай пачаўся пасля таго, як 24 лютага яна нанесла антываенны надпіс «Забойцы. Мір Украіне. Свабоду палітвязням» на вулічных праваенных банэрах у Санкт-Пецярбургу.
Спачатку на яе склалі адміністрацыйны пратакол і завялі справу за вандалізм. Суд змясціў яе пад варту, але пазней змякчыў меру стрымання на «забарону пэўных дзеянняў», што дазволіла актывістцы збегчы з краіны. Пасля яе ад’езду расійскія следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш цяжкі артыкул — аб паўторнай «дыскрэдытацыі» войска і абвясцілі дзяўчыну ў вышук.
Гэты прэцэдэнт стаў трывожным сігналам для палітычных эмігрантаў. Праваабаронцы адзначаюць, што турэцкае і расійскае бюро Інтэрпола маглі пачаць прамое супрацоўніцтва ў абыход цэнтральнага офіса Францыі, таму Турцыя больш не з'яўляецца бяспечным месцам для асоб, якім пагражае крымінальны пераслед з боку Крамля.
Гісторыя наўпрост можа тычыцца беларускіх палітэмігрантаў, бо Расія і Беларусь маюць адзіную сістэму вышуку і шчыльнае сілавое супрацоўніцтва: калі Анкара пачала выдаваць актывістаў Крамлю, яна гэтак жа можа выдаць і па запыце Мінска.