БЕЛ Ł РУС

УЕФА рэзка крытыкуе ФІФА за допуск форварда ЗША да гульні на чэмпіянаце свету пасля чырвонай карткі

6.07.2026 / 14:04

Nashaniva.com

«Невытлумачальнае і недаравальнае рашэнне». 

Арбітр паказвае чырвоную картку нападніку зборнай ЗША Фаларыну Балагуну падчас матчу 1/16 фіналу чэмпіянату свету супраць Босніі, 1 ліпеня 2026 года. Фота: AP Photo / Julio Cortez

Еўрапейскі футбольны саюз (УЕФА) выступіў з жорсткай крытыкай на адрас ФІФА пасля таго, як найлепшаму нападніку зборнай ЗША Фаларыну Балагуну, які атрымаў чырвоную картку, дазволілі згуляць у чвэрцьфінале чэмпіянату свету супраць Бельгіі.

Паводле дзейных правілаў ФІФА, футбаліст павінен быў прапусціць гэты матч, аднак міжнародная федэрацыя замяніла яго дыскваліфікацыю на ўмоўную з выпрабавальным тэрмінам на адзін год.

Многія СМІ звязваюць такое беспрэцэдэнтнае рашэнне з асабістым званком Дональда Трампа прэзідэнту ФІФА і свайму даўняму сябру Джані Інфанціна, аднак у самой арганізацыі гэтыя чуткі каментаваць адмовіліся.

У афіцыйнай заяве на сваім сайце УЕФА адзначыў, што рашэнне прыпыніць аўтаматычную дыскваліфікацыю Балагуна стала «пераходам чырвонай рысы». 

«Футбол, як і любы іншы від спорту, заснаваны на правілах, якія з'яўляюцца фундаментам сумленнай, справядлівай і празрыстай канкурэнцыі. Часам правілы дапускаюць розныя трактоўкі. У гэтым выпадку — не. Мінімальная аўтаматычная дыскваліфікацыя на адзін матч пасля выдалення не з'яўляецца прадметам абмеркавання і не патрабуе рашэння якога-небудзь кампетэнтнага органа для ўступлення ў сілу. Гэта прынцып, замацаваны ў рэгламенце, які не можа станавіцца прадметам выключэнняў, тым больш па ходзе турніру, калі некалькі іншых футбалістаў ужо апыналіся ў аналагічнай сітуацыі і ў устаноўленым парадку адбывалі дыскваліфікацыю», — гаворыцца ў заяве УЕФА.

Акрамя таго, еўрапейскія футбольныя чыноўнікі падкрэслілі, што падобны крок цалкам разбурае давер да кіруючых органаў і спартыўных прынцыпаў.

«Калі гаранты правілаў перастаюць забяспечваць іх непарушнасць, пад пагрозай апынаецца сумленнасць гульні, а аўтарытэт спаборніцтва падрываецца. Падобнае рашэнне стварае прэцэдэнт для бягучага турніру, дзе аналагічныя сітуацыі цяпер патрабуюць роўнага падыходу — на шкоду самому спаборніцтву. Мы выказваем крайняе здзіўленне ў сувязі з такім беспрэцэдэнтным, невытлумачальным і неабгрунтаваным рашэннем».

УЕФА таксама нагадаў пра глабальную адказнасць арганізатараў чэмпіянату свету перад усёй спартыўнай супольнасцю:

«Калі выкананне правілаў больш не гарантуецца тымі, хто абавязаны іх абараняць, пад пагрозай апынаюцца цэласнасць гульні і давер да спаборніцтва». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула