БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка паабяцаў вайскоўцам не пасылаць іх у «гэту бойню» ва Украіне

6.07.2026 / 16:10

Nashaniva.com

6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых вайсковых навучальных устаноў і прадстаўнікоў найвышэйшага афіцэрскага складу, дзе зрабіў некалькі заяў.

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Падчас сустрэчы Лукашэнка адзначыў, што, маўляў, дадатковым фактарам стратэгічнага стрымлівання сталі размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» і тактычнай ядзернай зброі. Ён падкрэсліў, што гэтыя сродкі нібыта прызначаныя для гарантавання бяспекі краіны, а не для пагроз іншым дзяржавам.

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што вынікі нядаўняй праверкі баявой гатоўнасці паказалі неабходнасць далейшага ўдасканалення Узброеных сіл. Ён заклікаў выпускнікоў і генералаў выкарыстоўваць свае веды і вопыт для павышэння эфектыўнасці войска.

Закранаючы міжнародную сітуацыю, Лукашэнка назваў галоўнай крыніцай напружанасці ў рэгіёне вайну ва Украіне. Ён таксама заявіў пра нібыта курс Еўрапейскага саюза на мілітарызацыю і традыцыйна абвінаваціў Захад у вядзенні супраць Беларусі гібрыднай вайны, якая ўключае эканамічны, палітычны і інфармацыйны ціск, а таксама правакацыі на паўднёвых межах.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь выступае за мірнае ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне і не мае намеру ўдзельнічаць у вайне. Ён падкрэсліў, што беларусы не жадаюць вайны, але гатовыя абараняцца ў выпадку неабходнасці.

«Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасць і незалежнасць. Наш саюз з Расіяй і адданасць мірнаму ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне.

Яшчэ раз падкрэсліваю, паважаныя таварышы, ніхто вас у гэтую бойню пасылаць не будзе. Вайна нам не патрэбна, гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне. Мы прыхільнікі мірнага вырашэння пытанняў. Але, як я сказаў, міжнародная «партыя вайны» гэтага не хоча», — заявіў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Лукашэнка прыняў з дакладам Лукашэнку

Лукашэнка павіншаваў Трампа з Днём незалежнасці і 250‑годдзем ЗША

Лукашэнка не прыйшоў і на вячэрні канцэрт у гонар 3 ліпеня

Цырымонія ўскладання кветак да Кургана Славы прайшла без Лукашэнкі

Каментары да артыкула