БЕЛ Ł РУС

Трамп пацвердзіў, што асабіста прасіў кіраўніка ФІФА не дыскваліфікоўваць форварда зборнай ЗША перад 1/8 фіналу

7.07.2026 / 06:43

Nashaniva.com

Паводле слоў Трампа, футбольныя ўлады «прынялі правільнае рашэнне», адмяніўшы пакаранне. Але ці дапамагло тое ЗША?

Джані Інфанціна ўручае Дональду Трампу Прэмію міру ФІФА падчас жараб’ёўкі чэмпіянату свету па футболе 2026 года, 5 снежня 2025 года. Фота: AP Photo / Stephanie Scarbrough, Pool, File

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў, што асабіста папрасіў прэзідэнта ФІФА Джані Інфанціна перагледзець аўтаматычную дыскваліфікацыю форварда зборнай ЗША Фаларына Балагуна на наступны матч чэмпіянату свету, піша Бі-бі-сі.

Раней СМІ пісалі, што рашэнне вярнуць Балагуна ў склад было прынята пасля таго, як у чацвер прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў кіраўніку ФІФА Джані Інфанціна і абмеркаваў з ім гэтую сітуацыю.

Аднак спачатку афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі не было. Паводле слоў Трампа, футбольныя ўлады «прынялі правільнае рашэнне», адмяніўшы пакаранне. Ён дадаў, што ў адваротным выпадку турнір быў бы «заплямлены».

25‑гадовага Балагуна, які з'яўляецца найлепшым бамбардзірам зборнай ЗША на цяперашнім чэмпіянаце свету, павінны былі аўтаматычна дыскваліфікаваць на матч 1/8 фіналу супраць Бельгіі пасля выдалення ў сустрэчы з Босніяй і Герцагавінай (ЗША згулялі сёння ноччу з Бельгіяй у Сіэтле).

Аднак у нядзелю ўвечары ФІФА прыпыніла дзеянне дыскваліфікацыі, зрабіўшы яе ўмоўнай і прызначыўшы Балагуну выпрабавальны тэрмін працягласцю 12 месяцаў, што дазволіць амерыканскаму форварду трапіць у заяўку на матч.

Выступаючы ў панядзелак у Белым доме, Трамп заявіў, што папрасіў ФІФА перагледзець пакаранне, паколькі, на яго думку, парушэння правілаў не было.

«Я лічу, што гэта былі два выдатныя спартсмены, якія сутыкнуліся і проста заблыталіся адзін у адным, — сказаў Трамп. — Думаю, гэтая дыскваліфікацыя стала б вялікай плямай на турніры. Я не магу ўказваць ФІФА, што рабіць. І, наколькі я разумею, рашэнне прымала не кіраўніцтва арганізацыі, а дысцыплінарная камісія. І гэта было правільнае рашэнне», — дадаў прэзідэнт.

Яшчэ ў нядзелю ён падзякаваў ФІФА за «выпраўленне абуральнай несправядлівасці».

Каралеўская бельгійская футбольная асацыяцыя (RBFA) заявіла, што ўзрушаная рашэннем не дыскваліфікаваць амерыканскага нападніка.

Міністр замежных спраў Бельгіі Максім Прэво ў панядзелак сказаў: «Калі прычынай гэтага незразумелага рашэння сапраўды стаў тэлефонны званок, то гэта будзе абуральным парушэннем самых фундаментальных прынцыпаў футбола і спорту».

Былы прэзідэнт ФІФА Зэп Блатэр, які пакінуў сваю пасаду ў 2016 годзе пасля карупцыйнага скандалу, напісаў у X: «Футбол ніколі не павінен станавіцца пляцоўкай для палітычнай улады».

УЕФА рэзка раскрытыкаваў нечаканае рашэнне ФІФА не прымяняць аўтаматычную дыскваліфікацыю да нападніка зборнай ЗША Фаларына Балагуна, назваўшы яго «беспрэцэдэнтным і нічым не апраўданым».

У УЕФА заявілі, што падобная маніпуляцыя правіламі проста падчас турніру расцэньваецца еўрапейскім футбольным саюзам як «перасячэнне чырвонай лініі».

За ўсю гісторыю чэмпіянатаў свету было паказана 188 чырвоных картак, і толькі адзін футбаліст раней пазбег наступнай дыскваліфікацыі.

Гэта быў бразілец Гарынча на чэмпіянаце свету 1962 года — яшчэ да ўвядзення аўтаматычных адхіленняў.

Тады рашэнне пакінуць яго на полі суправаджалася абвінавачваннямі ў палітычным умяшанні.

Ва УЕФА падкрэслілі, што аўтаматычная дыскваліфікацыя на адзін матч — «гэта не пытанне меркавання», а «фундаментальны прынцып, замацаваны ў рэгламенце».

«Калі выкананне правілаў больш не гарантуецца тымі, хто абавязаны іх абараняць, пад пагрозай аказваецца цэласнасць гульні, а давер да турніру падрываецца», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Ва УЕФА таксама папярэдзілі, што такое рашэнне стварае небяспечны прэцэдэнт: цяпер аналагічныя выпадкі на цяперашнім чэмпіянаце свету павінны будуць разглядацца такім жа чынам, што нанясе шкоду спартыўнаму прынцыпу спаборніцтваў.

Адносіны паміж УЕФА і ФІФА ў апошнія месяцы застаюцца напружанымі праз шэраг спрэчных рашэнняў.

У прыватнасці, пасля таго як самалійскаму арбітру Амару Артану адмовілі ва ўездзе ў ЗША для працы на чэмпіянаце свету, УЕФА запрасіў яго судзіць матч за Суперкубак Еўропы паміж «ПСЖ» і «Астан Вілай», які адбудзецца 12 жніўня.

Згодна з правіламі ФІФА, Балагун не павінен быў выходзіць на поле ў наступным матчы.

Аднак у арганізацыі адзначылі, што артыкул 27 дысцыплінарнага рэгламенту дазваляе «цалкам або часткова прыпыніць прымяненне дысцыплінарных мер». Менавіта гэтым артыкулам ФІФА скарысталася, замяніўшы фактычную дыскваліфікацыю Балагуна на ўмоўную.

Гэта першы выпадак, калі артыкул 27 быў ужыты падчас чэмпіянату свету. У заяве УЕФА, апублікаванай на сайце арганізацыі, сказана, што «правілы часам могуць інтэрпрэтавацца», але «гэтага выпадку гэта не датычыцца».

Сёння ноччу Бельгія выбіла ЗША з чэмпіянату свету. Балагун выйшаў у стартавым складзе і правёў на полі 92 хвіліны, пакуль не быў заменены.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула