Чым зоймуцца выпускнікі беларуска-кітайскай праграмы, якую скончыў Коля Лукашэнка
Выпускнікі першай сумеснай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «біятэхналогія» вярнуліся дадому. Дыпломы ім уручылі на мінулым тыдні ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі — бацькі аднаго з выпускнікоў праграмы. Рэктар БДУ Андрэй Кароль у эфіры «Першага інфармацыйнага» распавёў пра іх далейшыя перспектывы.
На мінулым тыдні выпускнікам першай сумеснай праграмы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «біятэхналогія» ўручылі дыпломы ў Кітаі. У тым ліку Мікалаю Лукашэнку.
Коля з чатырма іншымі хлопцамі вучыўся адразу ў двух універсітэтах. Як паведамляе дзяржТБ, яны здавалі сесіі на трох мовах, прывыкалі да іншай сістэмы адукацыі, працавалі ў лабараторыях з абсталяваннем, «аналагаў якога ў Еўропе няма».
Андрэй Кароль, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, расказаў, што скончылі адукацыйную праграму 22 чалавекі, з іх — 18 з адзнакай.
«З іх 5 чалавек мы калегіяльна з Пекінскім універсітэтам адабралі для навучання ў сумеснай магістратуры. Хтосьці пойдзе ў магістратуру, якая зараз ёсць, хтосьці пойдзе на першае месца працы. Попыт вельмі вялікі на самай справе — гэта тыя ж самыя «Белмедпрэпараты», гэта і Акадэмія навук, то-бок тыя інстытуты, якія зацікаўлены ў тым, каб было свежае дыханне, каб гэтыя ўсходы давалі той ураджай, на які ўсе разлічваюць».
Ці пойдзе Коля ў магістратуру, не паведамляецца.
Чытайце таксама:
Што вядома пра аднакурснікаў-беларусаў Колі Лукашэнкі, што скончылі з ім Пекінскі ўніверсітэт
У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»
Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?