Як выглядаюць капсулы для выжывання падчас войнаў і стыхійных бедстваў
Яны разлічаныя на двух-чатырох дарослых.
Капсула W-01. Малюнак: lifepods.tech
Геапалітычная нестабільнасць, анамальныя прыродныя з’явы і рызыкі тэхнагенных катастроф прымушаюць усё больш людзей задумвацца пра ўласную бяспеку. Французскі стартап прапануе рашэнне ў выглядзе мабільных капсул, прызначаных для выжывання ў экстрэмальных умовах.
Праект пад назвай LifePods, распрацаваны кампаніяй Momentum Technologies, быў прэзентаваны на міжнародных выставах VivaTech і Eurosatory. Як адзначае New Atlas, асноўная ідэя распрацоўшчыкаў заключаецца ў тым, каб ператварыць складаны працэс стварэння сховішча ў даступную паслугу: замест капітальнага будаўніцтва падземных бункераў спажыўцам прапануюць гатовыя аўтаномныя модулі. Такія капсулы лёгка транспартаваць: яны змяшчаюцца ў стандартных грузавых кантэйнерах, могуць захоўвацца штабелямі, а пры неабходнасці — дастаўляцца верталётамі ў цяжкадаступныя мясціны.
Як адзначаюць у кампаніі, распрацоўка арыентаваная на тое, каб гарантаваць бяспеку ва ўмовах тэхнагенных катастроф, узброеных канфліктаў і прыродных катаклізмаў, калі традыцыйная інфраструктура і службы выратавання становяцца недаступнымі.
На гэтым этапе стартап прапануе дзве спецыялізаваныя мадэлі. Наземная капсула B-01 разлічаная на двух чалавек і створаная для абароны ад куль, выбухаў і пажараў.
Капсула В-01. Фота: lifepods.tech
Паводле заявы вытворцы, выкарыстаныя матэрыялы ўжо прайшлі балістычныя выпрабаванні на адпаведнасць міжнароднаму стандарту VPAM PM7. Гэта азначае здольнасць вытрымліваць траплянне кулі калібру 5,56x45 мм на хуткасці 950 м/с і кулі калібру 7,62x51 мм на хуткасці 830 м/с. Акрамя балістычнай абароны, модуль мае спецыяльную ізаляцыю. Поўная сертыфікацыя ўсёй капсулы як адзінай сістэмы павінна адбыцца ў бліжэйшы час.
Для абароны ад водных катаклізмаў, такіх як цунамі ці паводкі, прызначаная мадэль W-01. Яна можа змясціць чатырох дарослых і чатырох дзяцей. Праўда, дзеці павінны знаходзіцца на каленях у дарослых.
Капсулы на выставе. Фота: lifepods.tech
Канструктары адмовіліся ад выкарыстання рухавікоў або складаных механізмаў на карысць пасіўнай гідрадынамічнай устойлівасці. Модуль павінен захоўваць стабільнасць на вадзе падчас цунамі ці маштабных паводак за кошт сваёй формы і размеркавання вагі. Папярэднія тэсты на плывучасць паказалі станоўчыя вынікі, аднак поўныя даныя незалежных экспертыз пакуль не апублікаваныя.
Кошт такіх модуляў вагаецца ад 29 000 да 40 000 еўра ў залежнасці ад мадэлі і камплектацыі. Пры гэтым за дастаўку і мантаж неабходна заплаціць асобна.
Хоць такія капсулы могуць зацікавіць і прыватных пакупнікоў, асноўнымі патэнцыйнымі кліентамі LifePods у кампаніі бачаць дзяржаўныя структуры і арганізацыі, адказныя за захаванне крытычнай інфраструктуры.
Кампанія таксама працуе над трэцяй мадэллю — Q-01, прызначанай для абароны падчас моцных землятрусаў.
Капсула масай каля 550 кілаграмаў мае ўзмоцненую разборную канструкцыю і разлічаная на ўстаноўку ў шматкватэрных дамах вышынёй да шасці паверхаў, якія, паводле распрацоўшчыкаў, складаюць каля 80% забудовы ў сейсманебяспечных рэгіёнах свету. Завяршыць распрацоўку Q-01 кампанія разлічвае да канца 2026 года, а выпрабаванні пачаць у 2027-м. Паводле папярэдніх ацэнак, такая капсула будзе каштаваць каля 18 тысяч еўра.
Капсула Р-01. Фота: lifepods.tech
Стартап ужо завяршыў першыя раўнды фінансавання і плануе прыцягнуць новыя інвестыцыі ў канцы 2026 — пачатку 2027 года. Гэтыя сродкі патрэбныя для сертыфікацыі, падрыхтоўкі вытворчасці і выхаду капсул на рынак. Поспех праекта будзе залежаць найперш ад таго, ці пройдуць LifePods фінальныя выпрабаванні як паўнавартасныя сістэмы, а не толькі як асобныя элементы.
Чытайце таксама:
Гэты архітэктар праектуе падземныя гарады для самых багатых на выпадак Трэцяй сусветнай вайны