Жыхар Баранавічаў паверыў у лёгкі заробак на біржы і страціў больш за 200 тысяч даляраў
Жыхар Баранавічаў стаў ахвярай кібермахлярства, паверыўшы ў абяцанні хуткага даходу. Сума страт — каласальная.
45‑гадовы мужчына пазнаёміўся ў інстаграме з дзяўчынай, якая прапанавала яму дадатковы заробак на біржы праз яе знаёмых.
Неўзабаве з ім звязаліся «менеджары». Яны далі мужчыне рэквізіты рахункаў для пералічэння грошай, а ў «асабістым кабінеце» на платформе стваралі фэйкавую статыстыку пра нібыта буйны даход.
Беларус перавёў на рахункі аферыстаў больш за 580 тысяч рублёў, гэта больш за 200 тысяч даляраў.
Калі пацярпелы паспрабаваў вывесці свае заробленыя грошы, яму пачалі адмаўляць пад рознымі надуманымі падставамі. Зразумеўшы, што яго падманулі, жыхар Баранавічаў звярнуўся ў міліцыю.