БЕЛ Ł РУС

«Гэты дзікун чуў толькі пра шымпанзэ». Парагвайская сенатарка справакавала расісцкі скандал з Мбапэ

7.07.2026 / 12:19

Nashaniva.com

Параза зборнай Парагвая ад Францыі ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету — прычым парагвайцы там гулялі даволі груба — перарасла ў буйны скандал. Прычынай сталі выказванні сенатаркі Нацыянальнага кангрэса Парагвая Селестэ Амарыльі, якая напала на зорку французскай зборнай Кіліяна Мбапэ.

Пасля фінальнага свістка Мбапэ адмовіўся паціснуць руку парагвайскаму брамніку Арланда Хілю, за што той кінуў французу мяч у спіну. Гэты эпізод выклікаў сапраўдную лютасць у парагвайскай палітычнай эліты.

Сенатарка Амарылья апублікавала ў сваіх сацыяльных сетках паведамленні, у якіх не проста раскрытыкавала паводзіны футбаліста, а перайшла на расісцкія характарыстыкі.

Характарызуючы Мбапэ, яна напісала:

«Гэты дзікун нават пісаць не навучыўся. Замест матчынага малака ён смактаў какосы, а самымі адукаванымі істотамі, пра якіх ён чуў, былі шымпанзэ. Ты павінен быў паказаць яму сярэдні палец, Арланда Хіль. Я раблю гэта ў Сенаце, і нічога не адбываецца!»

Палітык назвала спартсмена «каланізаваным камерунцам, які прыкідваецца французам, злапамятным, нуварышам, ганарлівым і агідным».

Больш за тое, сенатарка адкрыта папракнула гульцоў сваёй зборнай у тым, што яны не пакаралі французскага форварда за ганарыстасць: «Адзінае, за што многія з нас папракаюць «Альбіроху», — гэта за тое, што яны не далі яму поўху пасля заканчэння матча. І пры гэтым я не фанатка», — напісала Амарылья.

Гэтыя выказванні выклікалі хвалю абурэння ў інтэрнэце.

Французскі нападнік Кіліян Мбапэ адрэагаваў на словы сенатаркі. 

«Спадарыня Селеста Амарылья, вы подлая жанчына, нявартая сваёй пасады. Вы не прадстаўляеце Парагвай, краіну, якая выпраменьвала запал і гонар на працягу ўсяго турніру.

З-за вашай неабдуманасці і відавочнага расізму ўвесь свет ужо забыўся пра шлях і гістарычныя намаганні, якія вашы гульцы прадэманстравалі на гэтым чэмпіянаце свету, саступіўшы месца абмеркаванню некампетэнтнай жанчыны, якая стварае найгоршы імідж для сваёй краіны», — напісаў Мбапэ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула