Лосік расказаў пра асаблівы від катаванняў у ШІЗА
«Чуў, як людзі біліся галавой аб сцяну ў суседніх камерах».
Экс-палітвязень Ігар Лосік расказаў пра асаблівы спосаб псіхалагічнага ціску і катаванняў, які прымяняецца ў наваполацкім ШІЗА.
Паводле яго слоў, зняволеным уключалі адзін і той жа аўдыязапіс, які ім даводзілася слухаць «па 14 гадзін» на дзень.
У якасці прыкладу Лосік прывёў 26‑хвілінную лекцыю псіхолага Марка Бартана «Як вырашаць канфлікты».
Журналіст падлічыў, што за час знаходжання ў ізалятары яму давялося паслухаць «дзесьці паўтары тысячы разоў».
Ціск гукам аказаўся настолькі цяжкім выпрабаваннем, што некаторыя вязні не вытрымлівалі.
«Чуў, як людзі біліся галавой аб сцяну ў суседніх камерах, каб яе не слухаць», — апісвае гэты досвед Ігар.
Ігар Лосік — вядомы блогер і журналіст, якога асудзілі на 15 гадоў калоніі па абвінавачанні ў распальванні варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў. У верасні 2025 года ў складзе групы іншых палітвязняў быў дэпартаваны з Беларусі ў Літву.