Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў
Глеб Емяльяненкаў як індывідуальны прадпрымальнік знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Але яго самога, здаецца, ужо ліквідавалі.
Глеб Емяльяненкаў, фота: УКантакце
Глеб Емяльяненкаў нарадзіўся ў 1998 годзе ў Ашмянах у шматдзетнай сям'і. Бацькі пераехалі ў Мінск, калі той яшчэ быў малы. Вучыўся ў мінскай школе №76. Але далей паступіў у Ашмянскую аграрную хабзу.
На мяжы паўналецця Глеб, паводле даных Belpol, трапіўся з наркотыкамі — у 2016 годзе яго затрымалі з 0,2 грама амфетаміну, за што хлопец атрымаў тры гады хатняй хіміі.
Але больш прыкры ўчынак Емяльяненкаў здзейсніў у 2020 годзе — пазваніў у 102, каб данесці, што «ў краме «Алмі» на першым паверсе ў пункце па продажы кальянаў развешаныя бел-чырвона-белыя сцягі». Колькі чалавек затрымалі і кінулі на суткі ў выніку даносу Емяльяненкава — невядома.
Яшчэ ў 2019 годзе хлопец зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка — збіраўся займацца прыборкай будынкаў.
Глеб Емяльяненкаў, фота: УКантакце
Аднак неўзабаве Глеб з'ехаў з радзімы і падаўся шукаць грошы ў Расіі. Афіцыйна ўладкоўвацца хлопец не стаў, але павёўся на ўбачаную ў суполцы «Падпрацоўка Санкт-Пецярбург» абвестку аб патрэбе «падсобнага рабочага». Гісторыя была ў лютым 2024-га.
Ананімны працадаўца прапанаваў Глебу вазіць пасылкі на далёкія адлегласці за аплату ў крыптавалюце.
Глеб адразу ўсё зразумеў без дадатковых тлумачэнняў: адправіў куратару сэлфі з пашпартам, паставіў сабе VPN для канфідэнцыйнасці далейшай перапіскі, трэкер, завёў крыптакашалёк. Стаў выкопваць з-пад снегу ў лесе «пасылкі» і адвозіць іх у іншыя раёны.
Пры гэтым сваёй машыны ў Глеба не было — у паездках ён карыстаўся таксі і сэрвісам па падвозе BlaBlaCar.
У адной з такіх паездак — не выключана, што па сігнале пільнага кіроўцы — Глеба і арыштавалі. ДАІ спыніла машыну і папрасіла Глеба сказаць, што ў дзіўнай запячатанай каробцы, якую ён вязе ў руках. Хлопец занерваваўся і ляпнуў, што ўнутры таблеткі.
Што за таблеткі? Дакладней патлумачыць не змог, паліцэйскія праверылі самі — 700 грам таблетак экстазі, больш за тысячу штук.
За перавозку наркотыкаў у асабліва буйным памеры Глеба адправілі на восем гадоў у калонію строгага рэжыму, да рэцыдывістаў. Туды ў Расіі можа трапіць нават той, хто асуджаны ўпершыню — проста за цяжкасць артыкула.
Але доўга ў расійскай калоніі хлопец не вытрымаў і вырашыў рызыкнуць, завербаваўшыся ў расійскае войска. Расійскія ўлады паслядоўна пагаршаюць умовы ўтрымання і даюць зняволеным ілюзію магчымасці хуткай свабоды праз удзел у вайне супраць Украіны — гэта масавая з'ява. Беларускія ўлады ніяк не перашкаджаюць Расіі вербаваць сваіх грамадзян на гарантаваную смерць.
Вось і Глебу, як і абсалютнай большасці, не пашанцавала — замест хуткай свабоды ён знік без звестак амаль адразу ж пасля адпраўкі на фронт.
Апошні раз Глеб Емяльяненкаў выходзіў на сувязь з роднымі 10 мая 2026 года з Харкаўскага кірунку. Ва ўкраінскім палоне ён так і не аб'явіўся, але труп беларуса пакуль не знайшлі.