БЕЛ Ł РУС

Найбуйнейшы НПЗ Расіі спыніў працу пасля атакі беспілотніка

7.07.2026 / 18:36

Nashaniva.com

Найбуйнейшы ў Расіі Омскі нафтаперапрацоўчы завод, які належыць кампаніі «Газпрам нафта», 6 ліпеня спыніў перапрацоўку нафты пасля атакі беспілотнікаў. Пра гэта са спасылкай на дзве крыніцы ў галіне паведаміла агенцтва Reuters.

Омскі НПЗ пасля ўдару па ім украінскімі дронамі

Паводле іх інфармацыі, на заводзе магутнасцю 22 мільёны тон нафты ў год была пашкоджаная і загарэлася ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-10. Яна забяспечвала каля 38% вытворчых магутнасцяў прадпрыемства, або 24,5 тысяч тон нафты за суткі.

Акрамя таго, суразмоўцы Reuters паведамілі пра аварыйнае спыненне ўстаноўкі АВТ-11, разлічанай на перапрацоўку 24 тысяч тон нафты і 3,4 тысячы тон газавага кандэнсату ў суткі. Паводле іх слоў, сама ўстаноўка не пацярпела, але былі пашкоджаныя міжцэхавыя камунікацыі, неабходныя для яе працы. Чакаецца, што яна зможа аднавіць перапрацоўку ўжо ў найбліжэйшы час.

З аўторка Омскі НПЗ, на долю якога прыпадае каля 8% усёй нафтаперапрацоўкі ў Расіі, таксама спыніў продаж аптовых партый аўтамабільнага бензіну і дызельнага паліва на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы.

Чытайце таксама:

Украіна нанесла ўдар па найбольшым у Расіі Омскім НПЗ, за 2500 км ад фронту

Даўжэзныя чэргі на АЗС выцягнуліся ў Омскай вобласці пасля сённяшняга ўдару па НПЗ ВІДЭА

Чаму Крэмль не здольны спыніць паліўны крызіс у Маскве нават цаной татальнага дэфіцыту ў рэгіёнах

Каментары да артыкула