У Мінск ляціць прэзідэнт Узбекістана
8—9 ліпеня ў Мінску з афіцыйным візітам будзе знаходзіцца прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. У рамках візіту ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Шаўкат Мірзіёеў. Фота: Getty Images
Як паведамляецца, галоўнай тэмай сустрэчы стане развіццё двухбаковага супрацоўніцтва і пашырэнне ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Узбекістанам у розных сферах.
Асноўную ўвагу бакі плануюць надаць развіццю вытворчай кааперацыі і рэалізацыі сумесных праектаў.
Па выніках перамоў чакаецца падпісанне каля 20 дакументаў, галоўным з якіх стане Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам.
Напярэдадні візіту ў Мінску таксама пройдзе трэці Міжрэгіянальны форум з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў і дзелавых колаў абедзвюх краін.
7 ліпеня прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з віцэ-прэм'ерам Узбекістана Жамшыдам Хаджаевым. Бакі абмеркавалі прамысловую кааперацыю, супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе і іншыя напрамкі ўзаемадзеяння.
Паводле ацэнкі беларускага боку, тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў 2026 годзе можа дасягнуць 1 мільярда даляраў, а да 2030 года — 2 мільярдаў даляраў. У сваю чаргу, прадстаўнік Узбекістана заявіў пра гатоўнасць краіны накіроўваць работнікаў для працы ў сельскай гаспадарцы Беларусі.
Чытайце таксама:
Дэфіцыт бензіну ў Расіі перакідаецца і на Цэнтральную Азію
Сярод лідараў краін былога СССР расіяне найбольш давяраюць Лукашэнку — дзяржаўны саццэнтр