У Венгрыі прыпынілі працу і выбачыліся СМІ, якія былі асновай прапаганды Орбана. Яны будуць рэарганізаваныя
7 ліпеня а 4‑й гадзіне дня было спынена вяшчанне галоўнага праорбанаўскага тэлеканала M1. На экране з’явіўся надпіс, што грамадскае медыя не мае права хлусіць, і прабачэнні за тое, што на працягу многіх гадоў яно ўсё ж рабіла гэта, піша выданне telex.hu.
Калаж: codastory.com
Паралельна спыніў працу і праорбанаўскі сайт Hirado.hu, дзе наведвальнікаў сустракае той самы надпіс, а на праорбанаўскім радыё Kossuth гучыць толькі музыка.
«Грамадскае медыя не мае права хлусіць. Просім прабачэння за тое, што на працягу доўгіх гадоў мы ўсё ж гэта рабілі! Зараз грамадскае медыя рэарганізуецца, каб у будучыні быць незалежным і вартым даверу. Навінавае вяшчанне часова прыпынена. Заставайцеся з намі!» — такі надпіс гледачы бачаць на сваіх экранах, уключыўшы тэлеканал M1
Згодна з заявай, апублікаванай інфармацыйным агенцтвам MTI, ужо ўвечары тэлеканал M1 часова адновіць працу ў новым фармаце, з фільмамі і без навінавага вяшчання. Таксама без навін будуць і трансляцыі на радыё. Паралельна з фарміраваннем новай дырэкцыі навін інфармацыйныя праграмы будуць, як абяцаецца, вяртацца паступова і планава.
Гэты пераход, як падкрэсліваецца, істотна не закране іншыя платформы з праграмамі, якія не адносяцца да інфармацыйнага вяшчання, напрыклад, спартыўныя праграмы будуць трансляваць без зменаў графіку.
Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр у фэйсбуку назваў спыненне орбанаўскай прапаганды гістарычнай падзеяй.
Сам Мадзьяр і шэраг іншых палітыкаў тады апазіцыйнай, а цяпер кіроўнай партыі «Ціса» яшчэ падчас парламенцкай выбарчай кампаніі заяўлялі, што пасля сваёй перамогі спыняць партыйную прапаганду ў грамадскіх медыя, якая фінансуецца за дзяржаўны кошт. Флагманам прапаганды партыі «Фідэс» быў менавіта канал M1, які падчас кіравання ўрадаў Орбана быў перафарматаваны кіраўніцтвам грамадскага медыя ў кругласутачны інфармацыйны канал.
Цяпер паведамляецца пра замену кіраўніцтва СМІ, звольненыя таксама некаторыя вядомыя прапагандысты. Пасля завяршэння пераходнага перыяду пастаянныя кіраўнікі грамадскіх медыя будуць абраныя на конкурснай аснове.
Чытайце таксама:
У Венгрыі змянілі Канстытуцыю, каб не дазволіць Орбану зноў стаць прэм'ер-міністрам
Віктара Орбана зноў пераабралі старшынёй партыі «Фідэс»
Парламент Венгрыі адмяніў ранейшае рашэнне аб выхадзе краіны з Міжнароднага крымінальнага суда
Прэзідэнт Венгрыі адмовіўся выконваць патрабаванне Мадзьяра адносна адстаўкі
У Венгрыі ўпершыню выклікалі расійскага пасла для тлумачэнняў пра вайну
«Упершыню за гады ў зале няма рускіх» — Туск тонка пакпіў з Орбана