П'яны кіроўца арандаванага аўто зладзіў гонкі па мінскіх вуліцах
У Мінску супрацоўнікі ДАІ затрымалі 47‑гадовага мужчыну, які ў нецвярозым стане кіраваў каршэрынгавым аўтамабілем, не спыніўся па патрабаванні інспектараў і аказаў супраціў пры затрыманні.
Скрыншот з відэа
Паведамленне пра магчыма нецвярозага кіроўцу паступіла на лінію «102». Відавочца паведаміў, што па вуліцы Леаніда Бяды рухаецца аўтамабіль Volkswagen, за рулём якога, верагодна, знаходзіцца п'яны чалавек.
Супрацоўнікі ДАІ ўбачылі аўтамабіль на вуліцы Сурганава і падалі сігнал аб спыненні, аднак кіроўца праігнараваў патрабаванне і паспрабаваў уцячы. Падчас пераследу ён неаднаразова парушаў Правілы дарожнага руху, а на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава ўрэзаўся ў дарожную агароджу.
Пры затрыманні мужчына аказаў супраціў сілавікам, але быў затрыманы. Медыцынскі агляд паказаў, што ў ягоным арганізме было больш за 2 праміле алкаголю.
За невыкананне патрабавання аб спыненні, што прывяло да пераследу, і непадпарадкаванне супрацоўнікам сілавых структур мужчына арыштаваны на 30 сутак. Акрамя таго, за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення яму пагражае штраф у памеры 200 базавых велічынь і пазбаўленне права кіравання транспартам на пяць гадоў.
Чытайце таксама:
Каршэрынгавы аўтамабіль у Мінску літаральна пайшоў пад зямлю
У беларускім каршэрынгу ездзяць аўто на расійскіх нумарах. Гэта ўвогуле нармальна?