Вышкі мабільнай сувязі ў Беларусі будуць ставіць каля самых дарог
У Беларусі вышкі мабільнай сувязі плануюць ставіць бліжэй да аўтамабільных дарог. Гэта павінна зрабіць будаўніцтва інфраструктуры для аператараў сувязі таннейшым і прасцейшым. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўзгадніла з Міністэрствам транспарту і камунікацый рашэнне гэтай праблемы.
Фота ілюстрацыйнае
Як растлумачыў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі, якасць мабільнай сувязі ўздоўж дарог залежыць ад размяшчэння антэнна-мачтавых збудаванняў. Цяпер у сельскай мясцовасці такія аб’екты часта будуюць на адлегласці 30—50 метраў ад дарог, але гэта патрабуе дадатковых работ: адводу зямлі, пракладкі кабеляў і іншых інжынерных камунікацый.
Новае рашэнне прадугледжвае ўстаноўку вышак прыкладна там, дзе сёння размешчаныя асвятляльныя слупы ўздоўж аўтадарог. Гэта дазволіць спрасціць будаўніцтва.
Яшчэ ў 2024 годзе ўрад зацвердзіў новыя патрабаванні да развіцця мабільнай сувязі. Да 2030 года плануецца забяспечыць LTE-пакрыццё на 99% тэрыторыі краіны.
Пастаўленыя і мэты па хуткасці інтэрнэту: у абласных цэнтрах і Мінску сярэдняя хуткасць перадачы даных павінна дасягнуць 70 Мбіт/с, у раённых цэнтрах, гарадах і гарадскіх пасёлках — 60 Мбіт/с, а на астатняй тэрыторыі — 30 Мбіт/с.
Чытайце таксама:
Міністр сувязі расказаў, чаго дасягнулі абмежаваннямі на безлімітны інтэрнэт
5G у Гродне запусцяць да канца года. Ён адзіны з абласных цэнтраў без гэтай тэхналогіі
Толькі траціна тэлефонаў беларусаў могуць падтрымліваць тэхналогію 5G