Памерла легенда поп-рок-музыкі Боні Тайлер
У бальніцы ў Партугаліі на 76‑м годзе жыцця памерла валійская спявачка Боні Тайлер (сапраўднае імя — Гейнар Хопкінс), сусветна вядомая сваім хрыпатым голасам і суперхітом 1980‑х Total Eclipse of the Heart.
Боні Тайлер. Фота: AP Photo / Alastair Grant, File
Паведамляецца, што з мая гэтага года спявачка знаходзілася ў цяжкім стане і была ўведзена ў штучную кому пасля экстраннай аперацыі на кішэчніку. Нягледзячы на тое, што пазней яна прыйшла да прытомнасці, Тайлер заставалася ў рэанімацыі, дзе і сканала.
Гейнар Хопкінс нарадзілася ў 1951 годзе ў горадзе Ніт (Уэльс) у шматдзетнай музычнай сям'і. З дзяцінства яна захаплялася рок-музыкай, а яе кар'ера пачалася з сямі гадоў выступамі ў мясцовых рэгбійных і рабочых клубах.
У 1977 годзе выйшаў яе першы паспяховы сінгл Lost in France, пасля якога яе запрасілі на культавае шоу Top of the Pops. Праз спецыфічны нізкі і хрыплы тэмбр Боні часта называлі «Родам Сцюартам у спадніцы».
Галоўны прарыў у кар'еры спявачкі адбыўся праз пяць гадоў дзякуючы супрацоўніцтву з кампазітарам Джымам Стайнманам. Прынесены ім трэк Total Eclipse of the Heart (1983) у арыгінале доўжыўся 8 хвілін, аднак скарочаная для радыё 4‑хвілінная версія імгненна ўзарвала сусветныя чарты, узначаліўшы хіт-парады Вялікабрытаніі і ЗША. Сёння гэтая песня мае больш за мільярд стрымаў на Spotify і 1,3 мільярда праглядаў на YouTube.
За сваю 50‑гадовую кар'еру Боні Тайлер тройчы намінавалася на прэмію «Грэмі».
У 2013 годзе прадстаўляла Вялікабрытанію на конкурсе «Еўрабачанне».
У 2022 годзе была ўключана ў апошні святочны спіс узнагароджаных каралевы Лізаветы II, а ў 2023 годзе прынц Уільям уручыў ёй Ордэн Брытанскай імперыі.
Боні Тайлер была замужам за Робертам Саліванам, дзяцей у шлюбе не было. Апошнія гады яны жылі на дзве краіны — у родным Уэльсе і ў Партугаліі, дзе і абарвалася жыццё зоркі.