NASA шукае добраахвотнікаў для праграмы тэсціравання жыцця на Месяцы і Марсе
Валанцёры, цэлы год адарваныя ад зямнога жыцця, будуць удзельнічаць у сімуляцыі жыцця на Месяцы і Марсе.
NASA шукае валанцёраў для ўдзелу ў новай сімуляцыі. На фота — першы склад каманды марсіянскай праграмы NASA ў ліпені 2024 года. Фота: NASA
Касмічнае агенцтва ЗША плануе набраць чатырох удзельнікаў для праграмы даследаванняў Месяца і Марса (MMEA) — гадавога сімуляцыйнага праекта, распрацаванага для прайгравання ўмоў палёту і жыцця на Месяцы і Марсе, піша CNN.
Хоць гэта і не сапраўдны палёт, валанцёры будуць знаходзіцца ў касмічных умовах, жыць у замкнёных прасторах і выконваць заданні, як астранаўты: вырошчваць ураджай, сачыць за сваім здароўем і імітаваць выхады ў адкрыты космас.
12‑месячная праграма пачнецца не раней за жнівень 2027 года і будзе базавацца ў Касмічным цэнтры імя Джонсана ў Х’юстане. Прадстаўнік NASA паведаміў CNN, што даследчая праграма дапаможа знізіць рызыкі, з якімі астранаўты могуць сутыкнуцца падчас палётаў у космас і высадкі на Марс.
Кандыдаты павінны быць грамадзянамі ЗША або ўладальнікамі грын-карты ва ўзросце ад 30 да 55 гадоў (хоць могуць разглядацца і людзі па-за гэтым узроставым дыяпазонам). Яны таксама павінны мець рост не вышэй за 1,88 метра і свабодна валодаць англійскай мовай.
Патэнцыйныя ўдзельнікі павінны быць гатовыя прысвяціць 14 месяцаў праграме ў Касмічным цэнтры, што ўключае 12 месяцаў унутры дзвюх замкнёных прастор, а таксама яшчэ два месяцы на падрыхтоўку да місіі і трэніроўкі пасля яе.
Яны павінны прайсці фізічныя і псіхалагічныя тэсты.
Кандыдаты павінны мець кваліфікацыю, «падобную да астранаўтаў», напрыклад, ступень бакалаўра ў галіне інжынерыі, біялагічных навук, фізічных навук або матэматыкі. Ваенны вопыт таксама будзе ўлічвацца.
Два жылыя модулі
Прадстаўнік NASA паведаміў CNN, што праект будзе падзелены на тры сегменты з выкарыстаннем двух розных жылых модуляў.
«Першы будзе праходзіць унутры макета касмічнага карабля плошчай 60 квадратных метраў, дзе валанцёры будуць жыць так, быццам яны ляцяць з Зямлі на Месяц або Марс», — распавяла CNN прадстаўнік Кэлсі Спайві.
Чатыры члены экіпажа будуць мець уласныя невялікія каюты, уключаючы прастору для жыцця, працы і сну, а таксама маленькую прыбіральню.
Другі этап пераводзіць валанцёраў ад палёту да жыцця на паверхні іншай планеты.
Члены экіпажа пераедуць у аднапавярховы комплекс плошчай 84 квадратныя метры, дзе будуць вырошчваць ураджай, клапаціцца пра сваё здароўе і дабрабыт, а таксама практыкавацца ў выхадах у космас.
Трэцяя фаза будзе вяртаннем на Зямлю ў тым жа касмічным караблі.
Хоць NASA правяло 28 сімуляцый палёту і дзве сімуляцыі паверхневага пражывання, гэта будзе першы праект, які аб’яднае абодва элементы.
«Новая ацэнка рэчаў»
Сярод удзельнікаў папярэдняй падобнай місіі быў Нэйтан Джонс, доктар з Ілінойса, які наткнуўся на артыкул пра набор валанцёраў падчас начных дзяжурстваў у 2021 годзе.
Нэйтан Джонс. Фота: NASA
Праз два гады ён служыў медыцынскім афіцэрам экіпажа ўнутры Mars Alpha Dune — сімулятара марсіянскага асяроддзя ад NASA.
Ён распавёў CNN, што гэты вопыт узмацніў яго амбіцыі стаць астранаўтам.
Аднак гадавое даследаванне было звязана з эмацыйнымі выпрабаваннямі для 43‑гадовага Джонса, галоўным з якіх была туга па жонцы і дзецях.
«Было цяжка прапускаць такія вялікія падзеі, як дні нараджэння, святы, выпускныя, пахаванні і вяселлі», — сказаў ён.
Джонс адзначыў, што пасля місіі пачаў па-новаму цаніць простыя рэчы ў жыцці: «Ежа NASA была добрай, але меню абавязкова абмежаванае, і нічога не было свежага, акрамя некалькіх гароднін, якія мы вырошчвалі. У місіі не было сонечнага святла ці ветру. Таму я па-новаму ацаніў такія рэчы, калі місія завяршылася».