Гомельскі аўтапарк адмяніў нядаўна ўведзеныя рэйсы ў Навазыбкаў на Браншчыне
З 12 ліпеня аўтапарк № 1 прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» спыняе выкананне міжнародных аўтобусных рэйсаў па маршруце Гомель — Навазыбкаў. Гаворка ідзе пра рэйсы, якія адпраўляліся з Гомеля ў панядзелак а 6:30 і ў нядзелю аб 11:30. Гэты маршрут быў адкрыты зусім нядаўна — 10 мая 2026 года, паведамляе «Флагшток».
Здымак ілюстрацыйны
Афіцыйна прычына адмены рэйсаў не называлася. Аднак, як паведамляецца, у аўтапарку растлумачылі, што маршрут быў эканамічна нявыгадным з-за невялікай колькасці пасажыраў. Недастатковая запаўняльнасць аўтобусаў не дазволіла зрабіць рэйсы рэнтабельнымі.
Пасля адмены беларускага маршруту паміж Гомелем і Навазыбкавам застануцца толькі рэйсы, якія выконваюць прыватныя расійскія перавозчыкі. Частка аўтобусаў ідзе непасрэдна ў Навазыбкаў, а іншыя накіроўваюцца праз гэты горад у Бранск або Курск.
Чыгуначнае злучэнне паміж Гомелем і Навазыбкавам таксама значна абмежаваныя. Рэгіянальныя цягнікі па гэтым напрамку больш не курсуюць, а дабрацца можна толькі прахаднымі цягнікамі, пры гэтым кошт квіткоў прыкладна ўдвая вышэйшы, чым на аўтобус.
Паводле даных сэрвісаў продажу квіткоў, попыт на гэты маршрут сапраўды быў невысокі, але не адсутнічаў цалкам. Напрыклад, за некалькі гадзін да адпраўлення аднаго з аўтобусаў 10 ліпеня было прададзена каля дваццаці квіткоў, пры гэтым прыкладна палова месцаў заставаліся вольнымі.
Варта адзначыць, што апошнім часам у Бранскай вобласці адбыліся два інцыдэнты з беларускімі аўтобусамі, якія, паводле сцвярджэнняў расійскага боку, пацярпелі ў выніку выбухаў беспілотнікаў.
Чытайце таксама:
«Мы непрыкметна». Як беларусы цяпер едуць у Анапу на адпачынак
Пасажыры аўтобуса Мінск — Анапа, у які трапіў дрон пад Бранскам, расказалі, што адбывалася
Ва Украіне сітуацыю з беларускім аўтобусам у Бранскай вобласці назвалі «свядомай правакацыяй расіян»