Ад качагара да «архімандрыта», які ладзіць оргіі і посціць гей-порна. Хто той рэлігійны махляр, якога арыштавалі на Віцебшчыне
Сілавікі паведамілі пра кіраўніка псеўдарэлігійнай секты, які збіраў грошы на міфічны храм, а траціў іх на алкаголь і оргіі з гвалтам і пагрозай заражэння ВІЧ. «Наша Ніва» высветліла асобу затрыманага: ім аказаўся вядомы рэлігійны махляр Юрый (Георгій) Крот. Былы качагар з Глуска ўжо больш за дзесяць гадоў паспяхова гастралюе па Беларусі ў расе, выдаючы сябе за іерархаў розных цэркваў, і рэгулярна трапляе ў крымінальныя хронікі.
Затрыманне Юрыя Крата ў 2019 годзе. Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама
Паводле свежага прэс-рэліза МУС, 40‑гадовы жыхар Віцебскай вобласці арганізаваў сетку псеўдарэлігійных арганізацый (некаторыя з якіх нават былі прызнаныя экстрэмісцкімі). Для збору сродкаў ён актыўна выкарыстоўваў сацыяльныя сеткі: прапаноўваў платныя анлайн– і афлайн-рытуалы, збіраў ахвяраванні на «ўладкаванне храма».
Усе грошы, як сцвярджаюць сілавікі, сыходзілі на алкаголь і арганізацыю групавых оргій, у якіх кіраўнік секты ўдзельнічаў асабіста. Пры гэтым ён не папярэджваў партнёраў пра свой станоўчы ВІЧ-статус. Больш за тое, мужчыну вінавацяць у гвалце над знаёмым, якога ён давёў да думак пра самазабойства.
Затрыманага змясцілі ў ІЧУ. У міліцыі адзначылі, што раней ён ужо адбываў пакаранне за крадзеж рэлігійных прадметаў, распаўсюд парнаграфіі і распусныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетніх.
Юрый Крот у імправізаваным храме. Фота: ВК-суполка «Благовещение Божьей Матери»
«Архімандрыт» і былы качагар
Затрыманым аказаўся Юрый Уладзіміравіч Крот (вядомы таксама як Аляксандр Сакалоў і Георгій Крот), 1985 года нараджэння. Ён родам з Магілёўскай вобласці. Да 2012 года Крот працаваў звычайным качагарам у Глуску, але затым вырашыў кардынальна змяніць прафесію, выбраўшы для сябе куды больш прыбытковую нішу — рэлігійнае махлярства.
Юрый Крот і «іерарх» раскольніцкай царквы, які пасвяціў яго ў сан.
Пачатак яго «духоўнай» кар'еры быў феерычным. У лістападзе 2012 года Крот нейкім чынам здолеў уцерціся ў давер да расстрыжанага за крадзеж царкоўнай маёмасці «патрыярха» раскольніцкай «Расійскай Сапраўдна-Праваслаўнай Катакомбнай Царквы». Той у адзін дзень не толькі прыняў былога качагара ў сваю групоўку, але і адразу ж пасвяціў яго ў «епіскапа Мінскага і Полацкага, в.а. Экзарха ўсяе Беларусі».
Пасведчанне архімандрыту Георгію, ігумену Скіта Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы, выдадзенае ў 2017 годзе «мітрапалітам Усерасійскім» Міхаілам з нейкай Праваслаўнай кафалічнай царквы. Фота з затрымання 2019 года. Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама
Пасведчанне, выдадзенае ігумену Георгію Апостальскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Грузінскай Царквой. Фота: Наша Ніва
Атрымаўшы паперу, Крот пачаў гастраляваць па Бабруйскай епархіі: прадстаўляўся клірыкам Грузінскай, Абхазскай і Украінскай праваслаўных цэркваў, праводзіў прыватныя набажэнствы, хрысціў дзяцей, асвячаў машыны і, вядома, збіраў ахвяраванні. Прыхаджане аддавалі яму не толькі грошы, але і каштоўнасці з камп'ютарнай тэхнікай.
Як тлумачыў пазней святар Бабруйскай епархіі айцец Сергій, Крот быў надзвычай пераканаўчым. Некалі ён паспеў пабыць служкам пры манастыры ва Украіне, дзе вывучыў парадак рытуалаў і царкоўную лексіку. Акрамя таго, махляр збіраў плёткі пра мясцовых святароў і ўмела маніпуляваў гэтай інфармацыяй, уваходзячы ў давер да людзей.
Пакаянне, рэцыдыў і першая крыміналка
Кар'ера «епіскапа» ў Бабруйску скончылася хутка. Калі мясцовы храм абакралі, міліцыя праверыла ў тым ліку і Крата. Да рабавання ён дачынення не меў, але ўсплылі яго падробленыя дакументы, якія ён набыў у Маскве. Афіцыйны запыт у Грузінскі патрыярхат пацвердзіў: такога святара не існуе.
У снежні 2012 года Крот напісаў пакаянную распіску. Ён прызнаўся ў падмане, кляўся знайсці свецкую працу і больш не надзяваць расу.
Раскольніцкая царква, якая яго пасвяціла, таксама выгнала яго са сваіх шэрагаў з фармулёўкай: «за крадзеж, падман вернікаў і гомасэксуальныя паводзіны».
Але прага да царкоўных грошай была мацнейшай. У 2015 годзе Крот зноў з'явіўся на Бабруйшчыне: адзеты як святар, ён некалькі гадзін ездзіў на таксі «па царкоўных справах», пасля чаго збег не расплаціўшыся, пакінуўшы кіроўцу на памяць толькі сваё фота і Евангелле з аўтографам. БПЦ тады выпусціла афіцыйнае папярэджанне пра махляра.
«Скіт» у Казловічах
Юрый Крот у імправізаваным храме. Фота: ВК-суполка «Благовещение Божьей Матери»
У 2019 годзе Георгій Крот усплыў ужо ў Віцебскай вобласці. Яго апетыты выраслі: цяпер ён называў сябе «настаяцелем Скіта Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы» і актыўна збіраў грошы праз інтэрнэт.
Яшчэ ў студзені 2018 года Крот стварыў для збору сродкаў на аднаўленне міфічнага «скіта» суполку «Укантакце» пад назвай «Дабравешчанне Божай Маці». Мясцовасцю пазначаныя Казловічы Гарадоцкага раёна, што за 30 км на поўнач ад Віцебска. Суполка існуе дагэтуль і налічвае амаль 4 тысячы падпісчыкаў — даволі вялікая аўдыторыя для такога спецыфічнага кантэнту.
Менавіта гэтую старонку, папярэдне заблюрыўшы, паказалі сілавікі ў свежым відэа затрымання 2026 года. Дэвіз групы гучыць даволі іранічна з улікам біяграфіі аўтара: «Грахі як грэцкія арэхі — шкарлупіну расколеш, а зерне выкалупаць цяжка».
Даведка аб хрышчэнні, знойдзеная ў Юрыя Крата пры затрыманні. Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама
Як паказала аператыўная здымка МУС яшчэ ў 2019 годзе, «храм», у якім Крот праводзіў платныя хрышчэнні і адпяванні, уяўляў сабой звычайны пакой у жылым доме, шчыльна абвешаны абразамі.
Фінал гастроляў 2019 года быў бясслаўным: Крот з'ехаў са здымнай кватэры ў Аршанскім раёне, прыхапіўшы з сабой адзенне, бытавую тэхніку гаспадароў, а таксама 6 абразоў і 8 царкоўных кніг.
Скрыншот перапіскі невядомага мужчыны з Юрыем Кратом, які даслаў у адказ інтымныя здымкі. «Я думаў, вы пастыр. А вы садаміт!» Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама
Пры затрыманні высветлілася яшчэ адна пікантная дэталь: на адной са сваіх асабістых старонак у сацсетках «архімандрыт» выкладваў порнаролікі.
Тады супраць яго распачалі справы за крадзеж і распаўсюд парнаграфіі, а таксама пачалі праверку наконт распусных дзеянняў супраць непаўналетніх.
Затрыманне Юрыя Крата ў ліпені 2026 года. Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама
Мяркуючы з усяго, пасля адбыцця пакарання за злачынствы 2019 года былы качагар хутка вярнуўся да псеўдарэлігійнай дзейнасці, пачаў зноў збіраць ахвяраванні і праводзіць оргіі.
Чытайце таксама:
Оргіі, ілжэабрады і алкаголь. На Віцебшчыне затрымалі кіраўніка секты
У Беларусі фальшывы святар збірае ахвяраванні і раздае аўтографы на Евангеллі