«Я не хаджу ў суд, мяне носяць у кайданках». Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў
Мастак Алесь Пушкін памёр тры гады таму, 11 ліпеня 2023 года.
Алесь Пушкін у судзе.
Падчас утрымання ў былым мінскім СІЗА №1 на Валадарцы праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч атрымаў вясной 2022 года турэмную «маляву» ад мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у гродзенскай турме № 1 у 2023 годзе, піша «Вясна».
Алесь Пушкін і Валянцін Стэфановіч ведалі адзін аднаго шмат гадоў. Праваабаронца згадвае, што іх стасункі пачаліся яшчэ ў канцы 90‑х гадоў:
«Я быў знаёмы асабіста са спадаром Пушкіным, і мы вельмі добра адзін аднаго ведалі. Нават памятаю, што напрыканцы 90‑х я абараняў яго ў судзе пасля яго чарговага перформанса. Быў яго прадстаўніком у адміністратыўным працэсе — тады яшчэ можна было быць прадстаўніком грамадскасці ў такіх працэсах. Дзесьці з таго часу ў нас такія даўнія стасункі».
Перадаць вестку ў турме складана, але вязні ўсё роўна знаходзяць такія магчымасці. Ліст Валянціну перадалі іншыя зняволеныя, з якімі Алесь перасякаўся ў так званых «адстойніках» — камерах, дзе чакаюць канвою:
«Гэты ліст перадалі мне хлопцы з маёй камеры №53, якія ездзілі на суды. Пушкін таксама ў гэты ж перыяд ездзіў на пасяджэнні. Яны перасякаліся ў так званых «адстойніках» — памяшканнях, дзе асобы пад вартай чакаюць канвою ў суд ці размеркавання па камерах пасля судоў. Там можна правесці пэўны час разам з людзьмі з іншых камер. Такім чынам Алесь перадаў гэты ліст праз маіх сукамернікаў».
У сваім лісце мастак апісвае суровыя рэаліі свайго зняволення. Ён паведамляе, што знаходзіцца ў карцары №2, дзе яму далі 13 сутак.
Таксама мастак у лісце турбуецца за іншых палітвязняў. Заўважыўшы, што насупраць яго карцара знаходзяцца жаночыя камеры, ён спадзяваўся падчас шпацыру даведацца, ці не там трымаюць каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову.
Акрамя таго, Алесь паведамляе пра сваю сітуацыю на судзе: яго адвакатку Юлію Юргілевіч пазбавілі ліцэнзіі, а ад прызначанага абаронцы ён адмовіўся сам, таму застаўся зусім без прававой дапамогі. Нягледзячы на гэта, мастак актыўна рыхтаваўся да выраку — ён напісаў сваё апошняе слова на 23 старонках і планаваў пазней перадаць яго журналістам.
Заканчваецца ліст вельмі цёплымі словамі да Валянціна: «Я вельмі рады, што ўдалося з табой скантактавацца, я цябе вельмі люблю! Аліну [Аліну Стэфановіч, жонку Валянціна — НН] таксама, перадавай ёй прывітанне! Крэпкі!».
Для Валянціна Стэфановіча гэтая «малява» набыла асаблівы сэнс пасля жудасных навінаў, якія дайшлі да яго праз нейкі час. 11 ліпеня 2023 года Алесь Пушкін памёр праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы. Туды мастака прывезлі з гродзенскай турмы № 1.
«Зараз гэты ліст успрымаецца мной як такі, у нейкім сэнсе, ужо развітальны ліст ад Алеся Пушкіна. Таму што калі я ўжо быў у калоніі, я ад мамы — калі хадзіў званіць ёй — даведаўся, што ён памёр».
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт антысавецкага партызана Аўгена Жыхара. На момант завядзення справы мастак быў у Кіеве, але спецыяльна вярнуўся ў Беларусь, калі справу завялі. Пушкіна абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму), а таксама паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Вясной 2023 года яго перавялі ў гродзенскую турму. Там у яго турме ў Пушкіна развіўся перытаніт, перад смерцю быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Паведамлялася, што смерць наступіла праз неаказанне медыцынскай дапамогі ў турме, шанцаў на выжыванне ў шпіталі ўжо амаль не было.
Алесю Пушкіну было 57 гадоў.