БЕЛ Ł РУС

Габелен з Баё прывезлі ў Вялікабрытанію ўпершыню амаль за тысячу гадоў

14.07.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

Знакаміты габелен з Баё — 70‑метровае вышыванае палатно XI стагоддзя — прыбыў у Лондан з Францыі. Першы раз за амаль тысячагоддзе ўнікальны гістарычны артэфакт вярнуўся на брытанскую зямлю, пакуль музей у нармандскім горадзе Баё замкнёны на рэканструкцыю. Квіткі на першыя чатыры месяцы выставы былі раскупленыя за 24 гадзіны.

Фрагмент габелена з Баё. Фота: Wikimedia Commons

Транспартаванне нацыянальнага здабытку Францыі суправаджалася беспрэцэдэнтнымі мерамі бяспекі і праходзіла пад покрывам ночы. Каб абараніць далікатнае льняное палатно ад пашкоджанняў, яго змясцілі ў спецыяльны кліматычны кантэйнер з падтрыманнем пастаяннай тэмпературы (20°C) і вільготнасці. Кантэйнер змясцілі ў металічную клетку з амартызатарамі для мінімізацыі вібрацый на дарозе.

Перад рэальнай перавозкай спецыялісты правялі дзве тэставыя паездкі з тэкстыльнай копіяй габелена. Сапраўдны артэфакт перасёк Ла-Манш па Еўратунэлі пад аховай французскай паліцыі, а пасля перадачы брытанскаму боку ў суправаджэнні паліцыі Кента і Лондана прыбыў у зону разгрузкі Брытанскага музея каля 3 гадзін ночы 10 ліпеня.

Паведамляецца, што Вялікабрытанія ўзяла на сябе абавязацельствы пакрыць страты ў памеры да 800 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля 918 мільёнаў еўра) у выпадку сур'ёзнага пашкоджання экспаната. Агульны кошт аперацыі па транспартаванні і арганізацыі выставы ацэньваецца прыкладна ў 20 мільёнаў еўра.

Стварэнне ў Англіі і тысячагоддзе ў Францыі

Эдуард Спаведнік адпраўляе Гаральда ў Нармандыю. Фота: Wikimedia Commons

Габелен з Баё, які тэхнічна з'яўляецца не тканым габеленам, а вышыўкай ваўнянымі ніткамі па лёне, быў створаны ў 1070‑х гадах. Ён складаецца з 58 сцэн і адлюстроўвае гісторыю нармандскага заваявання Англіі 1066 года, кульмінацыяй якога стала бітва пры Гастынгсе і перамога герцага Нармандыі Вільгельма над англасаксонскім каралём Гаральдам II.

Парадокс габелена заключаецца ў тым, што ён быў створаны на тэрыторыі Англіі, але захоўваўся выключна ў Францыі. Як лічаць гісторыкі, палатно з выявай трыумфу нарманаў замовіў зводны брат Вільгельма Заваёўніка — біскуп Ода.

Фрагмент габелена з Баё. Фота: Wikimedia Commons

Яно было вышыта англасаксонскімі майстрыхамі, імаверна, у Кенце, пасля чаго адразу перавезена цераз Ла-Манш для ўпрыгожвання палаца Ода або новага кафедральнага сабора ў нармандскім Баё.

З таго часу ўнікальная вышыўка амаль тысячу гадоў заставалася ў Францыі, перажыўшы гугеноцкія войны, Вялікую французскую рэвалюцыю і нацысцкую акупацыю.

Ідэя прывезці габелен назад у Брытанію ўзнікала двойчы: у 1953 годзе з нагоды каранацыі Лізаветы II і ў 1966 годзе, да 900‑годдзя бітвы пры Гастынгсе. Аднак абедзве спробы аказаліся беспаспяховымі.

Выява з падзякай французам, якую праецыраваў Брытанскі музей на скалы Дуўра.

Сёлетняя перадача габелена стала магчымай толькі дзякуючы дамоўленасці паміж прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і былым прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам. Макрон назваў гэты крок «яскравай праявай даўняга сяброўства».

У якасці кроку ў адказ Брытанскі музей часова прадаставіць Францыі каштоўныя артэфакты са сваёй калекцыі, у тым ліку прадметы са скарбу Сатан-Ху і знакамітыя шахматныя фігуры з вострава Льюіс.

Ажыятаж сярод публікі і крытыка

Выстава ў Брытанскім музеі пройдзе з 10 верасня 2026 года па 11 ліпеня 2027 года. Экспанат будзе выстаўлены гарызантальна ў спецыяльна пабудаванай вітрыне на ўзроўні мезаніна, што дазволіць наведвальнікам упершыню ўбачыць палатно цалкам адразу пры ўваходзе.

Камета Галея, вышытая на габелене з Баё. Фота: Wikimedia Commons

Цікавасць да падзеі аказалася беспрэцэдэнтнай: квіткі на першыя чатыры месяцы выставы былі раскупленыя за 24 гадзіны (у анлайн-чарзе стаялі больш за 80 тысяч чалавек). Чакаецца, што за час знаходжання ў Лондане габелен пабачаць каля 7,5 мільёна чалавек, а продаж квіткоў ужо прынёс музею каля 2,5 мільёна фунтаў.

Нягледзячы на поспех праекта ў Брытаніі, у самой Францыі перадача артэфакта выклікала шэраг пратэстаў. Крытыкі лічаць падарожжа на 500 кіламетраў занадта небяспечным для 1000‑гадовага палатна. Перавозку асуджалі мастацтвазнаўцы і дзеячы культуры, а петыцыя супраць «злачынства супраць культурнай спадчыны» сабрала дзясяткі тысяч подпісаў. Пасля завяршэння выставы ў Лондане габелен вернецца ў Францыю, дзе яго чакае маштабная рэстаўрацыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула