БЕЛ Ł РУС

Пентагон апублікаваў новую порцыю рассакрэчаных матэрыялаў пра НЛА

11.07.2026 / 20:38

Nashaniva.com

Міністэрства абароны ЗША апублікавала чацвёртую партыю рассакрэчаных матэрыялаў пра неапазнаныя анамальныя з'явы. У адкрытым доступе з'явіліся 40 новых файлаў, сярод якіх дакументы, відэазапісы, аўдыяфайлы і фотаздымкі. Матэрыялы былі перададзеныя Пентагонам, NASA, ЦРУ, ФБР і Міністэрствам энергетыкі ЗША, піша The Moscow Times.

Скрыншот з відэа

Большасць матэрыялаў тычыцца назіранняў за неапазнанымі аб'ектамі над Ціхім і Атлантычным акіянамі, а таксама на Блізкім Усходзе. Значная частка запісаў зроблена з дапамогай інфрачырвоных камер, устаноўленых на вайсковай тэхніцы.

Адным з найбольш цікавых дакументаў стаў справаздачны матэрыял пра інцыдэнт 2015 года каля ядзернага аб'екта «Пантэкс» у штаце Тэхас. Паводле дакумента, двое супрацоўнікаў службы бяспекі назіралі неапазнаны лятучы аб'ект, які пралятаў над тэрыторыяй. Яны спрабавалі наблізіцца да яго, але не пачулі гукаў рухавікоў і не змаглі разгледзець прыкмет, што сведчылі б пра яго паходжанне. Праз некалькі хвілін аб'ект знік.

У архіў таксама ўвайшлі відэазапісы, зробленыя ў 2019 і 2020 гадах. На адным з іх зафіксаваны невялікі аб'ект, які рухаўся з вялікай хуткасцю, а на другім — цёмны прадмет вышынёй каля чатырох метраў, што дрэйфаваў па ветры і нагадваў паветраны шар незвычайнай формы.

Самыя новыя матэрыялы датаваныя 2025 годам. У адной са справаздач апісваецца відэа, на якім датчыкі зафіксавалі аб'ект, падобны да шасціканцовай зоркі, а ў іншым — светлавы аб'ект, які хутка рухаўся і за якім назіралі каля пяці хвілін.

Публікацыя гэтых архіваў адбываецца ў рамках праграмы па рассакрэчванні матэрыялаў пра неапазнаныя анамальныя з'явы, распачатай па даручэнні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У Пентагоне адзначылі, што перад абнародаваннем з дакументаў былі выдаленыя толькі звесткі, якія маглі раскрыць асобы сведкаў, месцазнаходжанне сакрэтных аб'ектаў і іншую канфідэнцыйную інфармацыю.

Чытайце таксама:

Пентагон апублікаваў другую частку рассакрэчаных матэрыялаў пра НЛА

У ЗША пачалі публікаваць рассакрэчаныя дакументы пра НЛА

У ЗША знік генерал, які кіраваў сакрэтнымі праграмамі Пентагона

Пентагон распаўсюджваў чуткі пра НЛА, каб схаваць распрацоўку сакрэтнай зброі ад СССР

«Мы не адны ў космасе». Новая справаздача Пентагона пра НЛА выклікала спрэчкі ў Кангрэсе ЗША

Каментары да артыкула