БЕЛ Ł РУС

Асуджаны за хабар на 9 гадоў калоніі дырэктар добрушскага завода выйшаў на свабоду праз два гады

13.07.2026 / 12:53

Nashaniva.com

Дырэктар Добрушскага завода не адседзеў свой тэрмін і прынёс зэкаўскія парадкі на Віцебшчыну, піша «Витебск, я гуляю!».

У 2023 годзе ГУБАЗіК гучна затрымаў дырэктара Добрушскага парцалянавага завода Аляксандра Вінакурава і яго роднага брата.

Следства заявіла, што брат быў пасярэднікам пры перадачы хабару. Суд налічыў Вінакураву больш за 63 тысячы рублёў незаконнага ўзнагароджання і даў дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф 28 тысяч рублёў і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Але дзевяць гадоў Вінакураў не адседзеў. Чалавек з такімі жа данымі знайшоўся ў крэсле дырэктара ААТ «Мікалаеўскі» Мёрскага раёна — яго імя пазначана на сайце райвыканкама.

Знайшлі яго і на фатаграфіі з чэрвеньскага пасяджэння ў райвыканкаме: гэта той самы былы дырэктар парцалянавага завода, асуджаны за карупцыю.

Аўтары канала «Витебск, я гуляю!» зацікавіліся Вінакуравым пасля скаргаў з гаспадаркі.

Работнікі распавядалі пра ціск, прыніжэнні і фактычна «зэкаўскія парадкі». Вывучэнне біяграфіі новага дырэктара многае паставіла на свае месцы: з калоніі яго нейкім чынам выпусцілі, але засвоены там стыль кіравання ён, падобна, прывёз з сабой на Віцебшчыну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула