БЕЛ Ł РУС

Археолагі знайшлі ў Ружанах дзве вежы замка Сапегаў

13.07.2026 / 13:56

Nashaniva.com

У вуглавой вежы знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, а ў паўднёвай — капліца.

Археолагі на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу раскапалі дзве вежы першапачатковага замка Сапегаў канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, паведамілі БелТА ў аддзеле культуры Пружанскага райвыканкама.

Археолагі раскапалі вуглавую (паўночна-ўсходнюю) і паўднёвую (цэнтральную) вежы.

«Вуглавая вежа была раскапаная яшчэ раней. Археалагічныя работы там вяліся, калі не памыляюся, у 1990‑х гадах. Сёлета было прынята рашэнне зноў раскапаць яе для дэталёвага вывучэння канструкцыі, — расказала начальніца аддзела культуры райвыканкама Алена Кубарка. — Паўднёвую вежу знайшлі выпадкова. Па чарцяжах мы ведалі пра яе існаванне. Летась рэстаўратары расчышчалі падмурак і натрапілі на мур. Паводле чарцяжоў Бекера (нямецкі архітэктар Ян Самуэль Бекер у сярэдзіне XVIII стагоддзя перабудаваў замак Сапегаў у палацавы комплекс) мы пачалі шукаць яе абрысы, каб пацвердзіць, што гэта сапраўды вежа. Знайшлі вуглы і перадалі інфармацыю археолагам».

Гэтым летам археолагі працягнулі даследаванні і поўнасцю раскапалі падмурак паўднёвай вежы. Гэта пацвердзіла звесткі, што замак Льва Сапегі меў тры вежы.

«Трэцяя — заходняя. Яе Бекер не разбураў. А дзве іншыя былі знесены падчас перабудовы замка ў палацавы комплекс. Заходняя вежа ўвайшла ў агульны ансамбль галоўнага корпуса. Рэстаўратары таксама расчысцілі яе, знайшлі ўваход у падзямеллі і вінтавыя сходы. Мы атрымалі адказы на многія загадкі, якія пакінуў замак. Упэўненыя, што наперадзе нас чакае яшчэ шмат адкрыццяў», — адзначыла Алена Кубарка.

Прызначэнне вежаў прыкладна вядомае паводле інвентарных апісанняў.

Так, у вуглавой вежы знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, а ў паўднёвай — капліца. Як і ўвесь замак, вежы выконвалі абарончыя функцыі.

Верагодна, галоўны корпус будзе музеефікаваны. Для гэтага спецыялістам неабходна вызначыць, як прыстасаваць яго да турыстычных патрэб і арганізаваць паўнавартасныя экскурсіі.

«Рашэнне плануецца прыняць да канца года — пасля завяршэння раскопак і ўсіх даследаванняў. Тады будзе зразумела, з чым нам давядзецца працаваць, што можна зрабіць, і можна будзе распрацоўваць канцэпцыю. З'явіцца магчымасць прагуляцца па тэрыторыі галоўнага корпуса і ўявіць, як усё выглядала насамрэч», — падсумавала Алена Кубарка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула