Пажар у небяспечнай блізкасці ад Парыжа: на тушэнне лесу Фантэнбло накіравалі самалёты
На поўдзень ад французскай сталіцы бушуе буйны лясны пажар, які ўлады ахарактарызавалі як небяспечны і выключнага маштабу. Для тушэння пажару ў лесе Фантэнбло тэрмінова накіравалі два пажарныя самалёты, піша Бі-бі-сі.
Фота: Emma Da Silva / AP
Напярэдадні Дня ўзяцця Бастыліі — нацыянальнага свята і выхаднога дня ў Францыі — пажар сур'ёзна паўплываў на транспартныя зносіны. Часткова перакрыта галоўная аўтамагістраль краіны, якая злучае поўнач і поўдзень, а раней агонь заблакаваў і аўтамагістраль, што вядзе на ўсход ад Парыжа.
Парушаны таксама рух на высакахуткаснай чыгуначнай лініі на поўдзень Францыі.
Як паведаміла французская чыгуначная кампанія SNCF, у нядзелю ўвечары цягнікі, якія прыбывалі на Ліёнскі вакзал у Парыжы або адпраўляліся з яго, затрымліваліся да шасці гадзін.
Лес Фантэнбло знаходзіцца прыкладна за 60 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Парыжа. Раніцай у панядзелак улады паведамілі, што агонь хутка распаўсюдзіўся ўжо на 800 гектараў, і плошча пажару працягвае павялічвацца.
Зараз у Парыжскім рэгіёне стаіць гарачае і сухое надвор'е — рэгіён перажывае ўжо трэцюю хвалю спёкі.
Папярэдняя хваля спёкі ў Францыі прымусіла часова спыніць працу трох атамных электрастанцый, каб пазбегнуць скіду цёплай ахаладжальнай вады ў перагрэтыя вадаёмы.
Арганізатары велагонкі «Тур дэ Франс» праз саракаградусную спёку скарацілі нядзельны этап на 30 кіламетраў.