«У Гатаве для іх склаліся ўсе ўмовы». Чаму на адным даху пад Мінскам жыве так шмат чаек?
Вы ведалі, што пад Мінскам знаходзіцца гіганцкі шматкватэрны дом для чаек? Менавіта там зафіксавана самае вялікае скопішча чаек на адным даху ва ўсёй кантынентальнай Еўропе. Гняздуюцца птушкі на будынку гарбарнага завода ў Гатаве. Паводле даных навукоўцаў, там жыве ад 3 да 5 тысяч пар гэтых птушак. Журналісты выдання «Анлайнер» высветлілі, чаму яны аблюбавалі гэтае месца і як такое скопішча птушак можа адбіцца на жыцці гарадскіх жыхароў. Усе пытанні пра вялікіх белагаловых чаек задалі загадчыцы лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірыне Самусенка.
Фота: Максім Маліноўскі
Чаму чайкі аблюбавалі Гатава?
Арнітолагі з Акадэміі навук назіраюць за чайкамі, якія насяляюць Гатава і ваколіцы, яшчэ з пачатку 2000‑х гадоў. Калонія птушак утварылася там у канцы 90-х.
«Я б не стала сцвярджаць, што гэта самая вялікая калонія вялікіх белагаловых чаек у нашай краіне. Хутчэй, найбольш буйная з усіх вядомых нам», — падкрэслівае арнітолаг.
Да вялікіх белагаловых чаек адносяцца рагатуха, серабрыстая і міжземнаморская чайкі. Разам з імі можа сустракацца шызая чайка — від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Для гнездавання ў гарадах гэтыя птушкі ўсё часцей выбіраюць дахі, бо яны нагадваюць іх прыроднае асяроддзе — ізаляваныя скалы і астравы. Высокія будынкі забяспечваюць птушкам бяспеку, выдатны агляд і пастаянны доступ да ежы.
«Чаму чаек так шмат менавіта ў Гатаве? Проста там для іх склаліся ўсе ўмовы: і вялікі пляскаты дах завода, і добрая кармавая база. Гэтыя птушкі ўсёедныя, яны сілкуюцца і рыбай, і дробнымі грызунамі, і адкідамі. А побач з аграгарадком ёсць возера і шмат палёў».
Чайкам патрэбен вадаём паблізу не толькі з-за ежы. Як мінімум раз на дзень гэтыя птушкі павінны «прымаць душ», каб падтрымліваць воданепранікальнасць і тэрмаізаляцыю апярэння.
«За спажывай чайкі могуць лётаць даволі далёка — на адлегласць 15 кіламетраў і нават больш. То-бок для здабычы корму гэтыя птушкі выкарыстоўваюць велізарную тэрыторыю».
«Чаек цалкам можна назваць нашымі памочнікамі»
Змяненне клімату і ўрбанізацыя змянілі лад жыцця чаек. Калі раней яны былі пераважна пералётнымі птушкамі, то зараз многія з іх усё часцей застаюцца на зімоўку. Акрамя таго, некаторыя чайкі з птушак, якія жывуць у дзікай прыродзе, паступова ператварыліся ў сінантропных. Гэта значыць, сталі трымацца побач з чалавекам і навучыліся атрымліваць з гэтага карысць.
«Насамрэч чайкі — вельмі важны элемент экасістэмы. За адзін раз дарослая буйная чайка (напрыклад, рагатуха) можа прынесці птушанятам у гняздо чатыры-пяць палёвак або дзясятак-другі хрушчоў і іх лічынак. Таму чаек цалкам можна назваць нашымі памочнікамі: яны рэгулююць колькасць грызуноў і насякомых, у тым ліку сельскагаспадарчых шкоднікаў. Таксама чайкі ядуць шмат адкідаў і падлы — у гэтым заключаецца іх санітарная роля».
Чаму ж усё-такі чайкі перабраліся бліжэй да жылых дамоў і цяпер іх вельмі проста можна сустрэць нават у цэнтры горада? Напрыклад, крыкі гэтых птушак супрацоўнікі «Анлайнера» чуюць пастаянна, хоць ніякага вадаёма паблізу офіса няма.
«Мы самі «запрасілі» чаек у горад. Калі яшчэ гадоў з 10—20 таму вадаёмы, напрыклад Свіслач ці Чыжоўскае вадасховішча, у асноўным належалі птушкам і іншым жывёлам, то сёння іх усё актыўней займаюць людзі. З'явіліся прагулачныя катамараны, упарадкаваныя набярэжныя, стала значна больш адпачывальнікаў».
Паводле слоў Ірыны Самусенкі, падобная сітуацыя складваецца і ў іншых гарадах. З-за выкошвання расліннасці, высякання кустоў, маштабнага ўпарадкавання і актыўнай забудовы прыродных месцаў для жыцця гарадскіх відаў птушак становіцца ўсё менш. Вадаёмы і прыбярэжныя тэрыторыі, якія раней былі спакойным асяроддзем для іх, цяпер амаль цалкам асвоеныя чалавекам. Выжываюць тыя, хто лепш прыстасаваўся.
Але ў той жа час людзі ствараюць для чаек і новыя ўмовы. Так, у 1940‑я гады было пабудавана Камсамольскае возера, у 1950‑я — Мінскае мора, пазней у межах горада ці побач з ім з'явіліся і іншыя водныя аб'екты. І канечне, птушкі засялілі гэтыя месцы.
«Вялікія белагаловыя чайкі аддаюць перавагу буйным вадаёмам. Калі б у нашых гарадах не з'явілася столькі штучных вадасховішчаў, то, хутчэй за ўсё, там пераважалі б больш дробныя віды гэтых птушак».
«У адных выпадках можа спатрэбіцца адпужванне птушак, у іншых — іх ахова»
У Мінску вялікія белагаловыя чайкі насяляюць многія раёны горада — сустрэць гэтых птушак можна каля Камароўкі, у раёне ўніверсама «Рыга», на Пушкінскай, у Серабранцы, Шабанах і іншых прамзонах…
— Проста, у адрозненне ад Гатава, дзе масавае скопішча чаек можна назіраць у адным месцы, у Мінску птушкі засяроджваюцца па розных дахах. Ім там зручна: высока, бяспечна, роўная паверхня. Прычым выбіраюць у асноўным будынкі, на якіх ёсць розныя канструкцыі, каб было дзе звіць гняздо і схавацца ад спёкі.
Аднак дахі для чаек — не панацэя. Пад пякучым сонцам штучнае пакрыццё раскаляецца, з-за чаго птушкі атрымліваюць траўмы. Я нават сустракала птушанят з апёкамі лапак. Да таго ж шматпавярхоўкі часта знаходзяцца далёка ад вады, і дарослыя асобіны могуць страчваць патомства з-за таго, што не могуць забяспечыць яго патрэбнай колькасцю вады. Пры адзіночным гнездаванні і ў невялікіх паселішчах абарона бацькоў не заўсёды эфектыўная, таму яйкі і маленькіх птушанят могуць расцягваць вароны.
— Ці можа вялікая колькасць чаек у горадзе неяк нашкодзіць людзям?
— У нас якраз зараз запланаваны праект, прысвечаны даследаванню гэтай тэмы. Ён накіраваны на распрацоўку рэкамендацый па зніжэнні негатыўнага ўздзеяння чаек на гарадскія тэрыторыі. Але перш за ўсё гэтую шкоду трэба яшчэ даказаць. Бо недзе птушкі могуць прычыняць нязручнасці — пэцкаць машыны, гучна крычаць, а недзе, наадварот, прыносіць больш карысці.
Арнітолагам трэба будзе даследаваць усе дахі Мінска, дзе гняздуюцца чайкі, вывучыць, як яны размяркоўваюцца і харчуюцца, наколькі колькасць птушак звязаная са сметнікамі і адкідамі і г. д.
«Важна разумець, каб нават унутры аднаго сямейства чайкавых нельга прымяняць адзіны падыход. У кожнага віду свае асаблівасці: тэрміны гнездавання, перавагі ў выбары месцаў пражывання, міграцыі, зімоўкі. Таму і рэкамендацыі будуць рознымі. У адных выпадках можа спатрэбіцца адпужванне птушак, у іншых — наадварот, іх ахова».
«Карміць дзікіх птушак нельга. Іх можна толькі падкормліваць»
Як і любыя дзікія жывёлы, чайкі могуць быць пераносчыкамі паразітаў і некаторых інфекцый. Але, паводле слоў арнітолага, для чалавека рызыка заражэння хваробамі птушак ніжэйшая, чым прынята лічыць.
«Калі не кантактаваць з птушкамі наўпрост, верагоднасць заразіцца ад хворай чайкі значна меншая, чым ад чалавека, які чхнуў побач з вамі ў ліфце або разам з якім вы трымаліся за парэнчу ў грамадскім транспарце. Аднак мы ўпершыню плануем даследаваць гельмінтаў чайкавых птушак. Для нашай краіны гэтая тэма практычна не вывучаная, асабліва прымяняльна да гарадскіх папуляцый. Магчыма, у іх ёсць асаблівасці, пра якія мы пакуль не ведаем».
Таксама спецыялістка нагадвае: пасля кантакту з птушкай або яе памётам дастаткова выконваць звычайныя правілы гігіены — старанна мыць рукі. Што тычыцца падкормкі чаек і іншых гарадскіх птушак, то гэтым таксама не варта захапляцца.
«Але тут важна адрозніваць два паняцці. Карміць дзікіх птушак нельга. Іх можна толькі падкормліваць, то-бок дапамагчы ім з ежай у цяжкі перыяд, напрыклад узімку, у моцныя маразы, калі ежу сапраўды складана дастаць. Але не станавіцца для птушак пастаяннай і асноўнай крыніцай ежы».
Навукоўка тлумачыць: кармленне хлебам або іншай непрыдатнай ежай круглы год прыносіць птушкам больш шкоды, чым карысці. А вось сезонная падкормка ў экстрэмальных умовах надвор'я мае і адукацыйны эфект: яна дапамагае людзям больш уважліва ставіцца да прыроды і вучыць правільна суіснаваць з дзікімі жывёламі.
Чытайце таксама:
У Гродне — канфлікт чаек і людзей: адныя крычаць, другія разбураюць гнёзды
Над шматпавярховікамі ў Гродне з'явіліся адмысловыя паветраныя змеі, якія палохаюць птушак
«Фортку адкрыць немагчыма, аглухнеш ад крыкаў»: у Гродна зноў вярнуліся чайкі