БЕЛ Ł РУС

Беларуса жорстка пакаралі за тое, што хадзіў па расійскай турме з татуіроўкамі са свастыкай і з партрэтам Гітлера

14.07.2026 / 14:19

Nashaniva.com

Яшчэ паўтара года зняволення за нацысцкую атрыбутыку ў дадатак да ранейшых 11,5 года.

Адольф Гітлер. Фота: Wikimedia.org

У Іванаўскай вобласці Расіі дадаткова асудзілі грамадзяніна Беларусі, які і так адбываў пакаранне ў мясцовай калоніі. 

Спачатку яму далі 11,5 года зняволення за наўмыснае цяжкае пашкоджанне здароўя, якое пацягнула смерць па неасцярожнасці, за разбой, а таксама за незаконны абарот наркотыкаў.

Але ў калоніі да яго ўзніклі дадатковыя пытанні. На целе беларуса цэлы набор нацысцкіх тату — у выглядзе нацысцкай свастыкі, партыйнага арла Трэцяга рэйха з вянком і свастыкай, выявы, якая нагадвае Гітлера ў вайсковай форме, а таксама надпісы на нямецкай мове «Wehrmacht» і «Ahnenerbe Deutsches».

Спачатку мужчыну мінімальна пакаралі за дэманстрацыю нацысцкіх сімвалаў — адміністратыўкай са штрафам каля $10. Аднак, паводле матэрыялаў справы, беларус і пасля гэтага не рабіў ніякіх захадаў, каб схаваць выявы — не зводзіў іх, не заклейваў пластырам, не карыстаўся адзеннем з доўгім рукавом — і працягваў хадзіць з аголеным торсам перад іншымі асуджанымі і супрацоўнікамі калоніі.

Сам абвінавачаны віну не прызнаў, заявіўшы ў судзе, што тату зробленыя яшчэ ў Беларусі каля 20 гадоў таму і сімвалізуюць «непадпарадкаванне адміністрацыі», а не нацысцкую прапаганду. І што дэманстраваў іх не наўмысна, а з бытавой неабходнасці.

У выніку яму прызначылі дадатковыя паўтара года калоніі. Агулам беларусу на той момант заставалася правесці за кратамі 5 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула