«Я не маю магчымасці ўбачыць цела сына і развітацца з ім па-людску». Маці Ціхана Клюкача запісала зварот да яго камандзіраў
23‑гадовы добраахвотнік і былы палітвязень Ціхан Клюкач загінуў на фронце ў маі 2026 года. З таго моманту прайшло ўжо больш за два месяцы, але маці ваяра Іна Калацкая дагэтуль не атрымала ніякай канкрэтнай інфармацыі пра абставіны яго смерці і не змагла развітацца з сынам.
Іна Калацкая, Ціхан Клюкач. Калаж
Іна Калацкая апублікавала ў фэйсбуку зварот да камандзіраў яе 23‑гадовага сына — беларускага добраахвотніка Ціхана Клюкача з пазыўным «Франц».
Іна кажа, што хоча ведаць праўду, якую ад яе хаваюць ужо два месяцы.
«Я не ведаю, што з маім сынам», — гаворыць яна.
Паводле яе слоў, да яе паступае розная інфармацыя з неправераных крыніц. Афіцыйнай жа інфармацыі няма.
«Я не гатовая чакаць яшчэ два месяцы. Я бачу, як маці хаваюць сваіх дзяцей ва Украіне. Я ж не маю магчымасці нават убачыць цела майго сына і неяк развітацца з ім па-людску», — гаворыць яна.
Іна кажа, што яе сын быў годным чалавекам, які «максімальна карэктна заўсёды ставіўся да іншых людзей і заўсёды дбаў пра сваіх пабрацімаў».
«Зараз я звяртаюся па дапамогу. Памяць майго сына не павінна быць сцёртая…» — просіць яна.
Ціхан Клюкач загінуў у першай палове мая 2026 года. Яго цела ўдалося дастаць. Па інфармацыі «Нашай Нівы», па стане на цяперашні момант яно знаходзіцца ў моргу. Аднак няма пэўнасці, ці ўсе абавязковыя экспертызы ўжо былі праведзеныя.