БЕЛ Ł РУС

Севярынец: Гукі ўдараў былі такія важкія, што будынак Акрэсціна фізічна дрыжэў

15.07.2026 / 12:51

Nashaniva.com

Экс-палітвязень у сваім фэйсбуку напісаў, што рабілася на Акрэсціна 10‑13 жніўня 2020 года. Севярынец назваў свой допіс: «Пекла на Акрэсціна».

Збіты чалавек на Акрэсціна, фота 13 жніўня 2020 года

«Тое, што адбывалася на Акрэсціна некалькі сутак запар пасля выбараў 2020 года, немагчыма апісаць словамі. 

Нават у нашай камеры на трэцім паверсе, да столі заваленай матрацамі, якія прыглушалі гук, гэтыя чацвёра сутак зліліся ў суцэльны кашмар.

Недзе пасля апоўначы 10 жніўня мерны шум з двара Акрэсціна, разгрузка затрыманых на пратэстах і роў матораў аўтазакаў раптам праваліліся ў рокат удараў і страшэнны злітны крык людзей. Дзіка крычалі, здаецца, з дворыкаў, потым крыкі перакінуліся і ў сярэдзіну будынка, у калідоры — мяркуючы па ўсім, пачалося масавае азвярэлае збіццё.

Уражанне, якое мяне тады агаломшыла — прыйшоў загад. Такога, каб гэтай жудасці папярэднічаў супраціў затрыманых, нейкія асобныя ўспышкі ці бойкі, не прыгадваю. Пасля шмат разоў успамінаў. Чыста на слых — вось прагірчэлі рацыі, і праз хвіліну-другую быццам нейкая каласальная машына ўключылася і пачала перамолваць людзей.

Гукі ўдараў былі такія важкія, што будынак Акрэсціна фізічна дрыжэў. Таўшчэзныя каменныя сцены, глухія жалезныя дзверы, краты, драўляная падлога трэсліся так, нібы ўнізе, на першым паверсе, працавала гіганцкая малатарня. 

І крыкі. Крычалі ад болю і жудасці так, што закладвала вушы, мужчыны, часам суцэльны роў праразаў здзічэлы жаночы віск, усплёсквалі рыданні, стогны. Сотні людзей. 

Крыкі перакінуліся на лесвіцы, дзесьці пачалі адмыкаць камеры і выводзіць людзей, збіваць у калідорах на другім паверсе.

За 11 гадоў у турмах мне даводзілася чуць шмат што, але тыя жудасныя ночы і дні — гэта было штосьці, адрознае на парадак.

Стукачы замёрлі ў сваіх кутах, я маліўся Богу. А вакол, гадзіна за гадзінай, хвалямі гуло і дрыжэла ад удараў, крыкаў і стогнаў — то ў дворыках, то зноў у калідорах, то на лесвіцах.

Зацішша, поўнае стогнаў ды енкаў, перадышка — і зноў тупат ног, расейская мацерная лаянка, адмыкаюцца дзьверы — і зноў роў.

Хтосьці крычаў у вокны ці з дворыкаў, што забіваюць. І яшчэ тупат быкоў, і яшчэ ўдары. Крычалі пра кроў, перабітыя рукі, і «Мама!», і «Фашысты!» і «За што?!» А ад тых, што «працавалі» — цяжкае сапенне, лаянка і ўдары.

Зранку, калі прыйшла новая змена супрацоўнікаў Акрэсціна, на некалькі гадзін як быццам усё заціхла. Змяніўся, мабыць, і спецназ.

Але потым — зноў аўтазакі, новая хваля затрыманых, новы загад — і зноў удары і роў.

Часам ахоплівала ўражанне, што сядзіш у закутку ў сярэдзіне гіганцкай бойні — у чаканні, пакуль прыйдуць па тваю душу», — напісаў Павел Севярынец.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула