У Расіі ў турме памёр беларускі злачынца, якому ў свой час прысудзілі расстрэл
Алег Гарбуноў адсядзеў у Мардовіі больш за 20 гадоў на пажыццёвым. Але пахавалі яго ў Беларусі.
У свой час беларус Алег Гарбуноў атрымаў у Расіі расстрэльны прысуд за пакет крымінальных артыкулаў — забойства пры абцяжарваючых абставінах, крадзеж, наўмыснае знішчэнне маёмасці і выкраданне дакументаў.
Першапачаткова Ніжагародскі абласны суд прызначыў яму смяротнае пакаранне. Аднак паколькі ў Расіі ў 1997‑м увялі мараторый на расстрэлы, то Гарбунову пашанцавала — замест смерці ён атрымаў пажыццёвае зняволенне.
Пакаранне ён адбываў у калоніі №1 у Мардовіі, дзе ўтрымліваюць каля 150 пажыццёва зняволеных. Гарбуноў пражыў там з 5 кастрычніка 1999 года па 24 красавіка 2022 года, да самай смерці.
У той жа дзень адміністрацыя калоніі тэлеграмай паведаміла аб яго смерці жонцы. Праз два дні давераная асоба жонкі забрала цела Гарбунова для пахавання ў Беларусі.
Пра гэтую гісторыю стала вядома толькі цяпер, праз чатыры гады пасля смерці Гарбунова, — дзякуючы зусім іншай, чыста бюракратычнай справе. На яго рахунку ў калоніі заставалася каля $70. Жонка па спадчыну не звярталася, таму вырашалі, ці можна забраць грошы ў расійскі бюджэт.